7 мая ў Папуа — Новай Гвінеі прыме біскупскае пасвячэнне ксёндз Валенты Грык з Таварыства Божага слова (вербіст).
14 лютага Папа Францішак менаваў ксяндза Валентыя Грыка SVD біскупам дыяцэзіі з цэнтрам у горадзе Горака ў Папуа — Новай Гвінеі, краіны ў паўднёва-заходняй частцы Ціхага акіяна з пераважна хрысціянскім насельніцтвам.
Біскуп намінат нарадзіўся 23 лютага 1957 года у вёсцы Узбераж на Гродзеншчыне, што непадалёк ад мяжы з Літвой, дзе яго бацька працаваў ляснічым.
10 сакавіка таго ж гожа быў ахрышчаны ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы. У 1958 годзе, пасля смерці бацькі, маці з чатырма дзецьмі пераехала ў Польшчу. Там пасля заканчэнне базавай школы і сельскагаспадарчага тэхнікума, у 1977 годзе Валенты ўступіў у супольнасць ксяндзоў вербістаў.
Як прызнаецца ён сам, на гэтае рашэнне паўплывала, між іншым, чытанне лістоў місіянераў з Папуа — Новай Гвінеі. У 1983 годзе Валенты Грык прыняў пасвячэнне дыяканату. Яго ўдзяліў яму біскуп Вільгельм Куртц SVD, які на той час ужо больш за дзесяць гадоў працаваў у Папуа — Новай Гвінеі. Гэты факт быў для маладога вербіста надзвычай важным, бо ўжо перад гэтым, у адпаведнасці з традыцыяй супольнасці, ён папрасіў у настаяцеляў скіраваць яго на місію ў гэтую краіну Акіяніі.
28 красавіка 1984 года прыняў пасвячэнне прэзбітэрату і ўжо ў наступным годзе выехаў у Папуа — Новую Гвінею. Напачатку на працягу двух з паловай месяцаў прайшоў курс мясцовай мовы, пасля чаго быў скіраваны ў Гароку, якая стала першым месцам яго місіянерскай дзейнасці.
У 1989 годзе ксёндз Грык вярнуўся ў Польшчу, каб працягнуць вучобу. Атрымаўшы ступень ліцэнцыяту, пэўны час працаваў у пастулаце вербістаў, а ў 1994 годзе атрымаў дазвол вярнуцца да місіянерскай дзейнасці.
Акрамя звычайнай душпастырскай працы ў парафіях Папуа — Новай Гвінеі вербіст быў у краіне каардынатарам біблійнага апостальства, дырэктарам Папскай місіянерскай ініцыятывы, адказным за душпастырскія цэнтры, выхаваўцам семінарыстаў і сакратаром па справах місіі Новагвінейскай правінцыі Таварыства.
7 мая адбудзецца біскупскае пасвячэнне ксяндза Валентыя Грыка і яго ўрачысты ўваход у катэдру каталіцкай місіі Кефама.