Супольнасць айцоў вербістаў перабудавала частку свайго місійнага дома побач з Венай у гатэль і цэнтр для правядзення канферэнцый. Комплекс, які атрымаў назву Gabrium, мае каля 20 двухмесных пакояў, тры нумары люкс, пяць канферэнц-залаў, вялікую залу для святаў і бібліятэку.
Пра гэта распавяла кіраўнік комплекса Марыя Хом падчас прэзентацыі дома напярэдадні яго адкрыцця 1 сакавіка.
Будынак быў узведзены ў 1889 годзе і служыў для падрыхтоўкі місіянераў да іх служэння. У лепшыя часы там жыло 600 манахаў, сёння — толькі 45.
Нізкая колькасць пакліканняў паставіла супольнасць перад пытаннем, як у далейшым выкарыстоўваць апусцелы будынак.
Адкрыццё перабудаванага пад гатэль будынка стала «вялікім крокам, свядомым рашэннем і складаным працэсам, які ў любым выпадку быў неабходным, таму што было зразумела, што гэтае месца толькі для сябе мы не будзем выкарыстоўваць», як адзначыў правінцыял вербістаў Стэфан Дэлер.
У сваёй канцэпцыі Gabrium аб’яднае свет жыцця місіянераў, якія нясуць служэнне ў больш чым 80 краінах свету, у тым ліку і Беларусі.
Кожны з паверхаў прысвечаны іншаму кантыненту і паказвае, «што розныя культуры, калі яны з павагай ставяцца адна да адной, могуць жыць разам вельмі добра, ствараючы новую яркую атмасферу».
Гатэль прэзентуюць як месца, «якое вызваляе нас ад стэрэатыпаў» і запрашае да «духоўных падарожжаў у розныя часткі свету».
Колькі ўсё каштавала?
У будучыні, як плануюць уладальнікі, тут можна будзе адзначаць вяселлі і юбілеі, праводзіць прэзентацыі і сходы, святкаваць Каляды і г.д.
Вялікую ролю ў Gabrium адыгрывае ўнутранае аздабленне: мэблевая абстаноўка раней часткова выкарыстоўвалася самімі манахамі.
Перабудова кляштара каштавала агулам 10 млн еўра. Плошча комплекса складае 30 тысяч квадратных метраў.
Акрамя гатэля і канферэнц-залаў тут змешчаны таксама гаспадарчы будынак, прытулак Caritas для бежанцаў, жылыя памяшканні для 45 манахаў вербістаў, вялікая капліца ў кляштары і парк.