Пошук

24.09.2024 10:56   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Фота: з архіву каледжа ў Баранавічах / Catholic.by

21 верасня ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах адбылася ўрачыстасць інаўгурацыі новага навучальнага года 2024/2025.

Яе адметнасцю стала адзначэнне 15-годдзя існавання гэтай тэалагічнай навучальнай установы для свецкіх.

Менавіта ў 2009 годзе стараннямі кардынала Казіміра Свёнтэка, а таксама братоў з манаскай супольнасці Божага слова і святароў Пінскай дыяцэзіі свае дзверы адчыніў Баранавіцкі катэхетычны каледж, атрымаўшы адпаведную дзяржаўную рэгістрацыю як першая каталіцкая багаслоўская навучальная ўстанова для свецкіх у найноўшай гісторыі Касцёла ў Беларусі.

Цэлебрацыю святой Імшы падзякі Пану Богу за 15 гадоў існавання каледжа ўзначаліў у капліцы гэтай установы біскуп Антоні Дзям’янка, які як пастыр Пінскай дыяцэзіі з’яўляецца таксама старшынёй Вучонага савета гэтай вучэльні. Звяртаючыся да навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа, іерарх заахвоціў іх цаніць той час, які дае ім Божы Провід.

Магчымасць навучацца ў катэхетычным каледжы — гэта шанц не толькі пазнаць таямніцы хрысціянскай веры і атрымаць грунтоўную тэалагічную адукацыю, але і навучыцца дзяліцца верай і ведамі з іншымі людзьмі.

Пасля супольнай малітвы ў капліцы адбылася другая частка ўрачыстасці ў актавай зале каледжа. Інаўгурацыйную лекацыю з нагоды распачацця новага акадэмічнага года скіраваў да ўдзельнікаў урачыстасці ксёндз Андрэй Рылка, які стаяў ля вытокаў гэтай установы. Святар распавёў пра гісторыю заснавання катэхетычнага каледжа, а таксама падвёў вынікі яго дыдактычнай і фармацыйнай дзейнасці на працягу 15-і гадоў існавання.

Сярод несумненнай каштоўнасці таго, што Пінская дыяцэзія мае такую ўстанову для падрыхтоўкі добра адукаваных катэхетаў і знаўцаў тэалогіі сярод свецкіх вернікаў, дакладчык звярнуў увагу на яшчэ адзін аспект дзейнасці каледжа: шматлікія навукова-практычныя канферэнцыі і семінары, якія тут адбываюцца штогод. Іх адкрыты характар і практычныя тэмы, што закранаюць духоўныя і маральныя праблемы сучаснага чалавека, вялікім пазітыўным рэхам і словамі глыбокай удзячнасці адгукаюцца ў сэрцы вялікай колькасці зацікаўленых асобаў. А для каледжа такія сустрэчы і зваротная сувязь становяцца пацвярджэннем таго, што гэтая ўстанова добра выконвае сваё галоўнае пакліканне: дзяліцца з кожным чалавекам праўдай і мудрасцю Евангелля, адкрываць сапраўднае аблічча любячага Бога і Яго Касцёла.

Асаблівым хвалюючым момантам урачыстасці стала ўручэнне дыпломаў сёлетнім выпускнікам каледжа, а таксама ўручэнне студэнцкіх білетаў тым, хто ў 2024/2025 навучальным годзе распачынае вучобу ў гэтай духоўна-адукацыйнай установе.

Свята завяршылася супольнай святочнай вячэрай і забаўляльна-інтэграцыйнай праграмай, падрыхтаванай навучэнцамі каледжа.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа