4 кастрычніка была афіцыйна абвешчана дата правядзення бліжэйшых Сусветных дзён моладзі. Форум адбудзецца з 1 па 6 жніўня 2023 года ў сталіцы Партугаліі Лісабоне.
«Абвяшчэнне даты Сусветных дзён моладзі ў дзень св. Францішка Асізскага — гэта вельмі важны момант для ўсіх нас, бо маладыя людзі ва ўсім свеце ўжо даўно хацелі ведаць яе, каб пачаць рыхтавацца да падарожжа ў сталіцу Партугаліі», — гаворыцца ў паведамленні Арганізацыйнага камітэта форума, на які спасылаецца Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Мы спадзяемся, што 22 месяцы, якія аддзяляюць нас ад Сусветных дзён моладзі, стануць для ўсіх часам евангелізацыі», — заявіў кардынал Мануэль Клемэнтэ, Патрыярх Лісабонскі. Адзначаецца, што на цяперашні час у падрыхтоўцы форума задзейнічана каля 400 валанцёраў, пераважна партугальцаў. У сваю чаргу ў кожнай з 21 дыяцэзій краіны былі створаны лакальныя арганізацыйныя камітэты.
Важнымі падзеямі на шляху падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне стала прэзентацыя лагатыпа, якая адбылася ў кастрычніку 2020 года, перадача сімвалаў форуму ў лістападзе 2020 года і стварэнне гімну Сусветных дзён моладзі, які быў прадстаўлены ў студзені 2021 года.
Сусветныя дні моладзі — найбуйнейшы каталіцкі форум, які праводзіцца кожныя два-тры гады ў розных краінах свету і збірае мільёны маладых людзей з усёй планеты.
Сустрэча ў сталіцы Партугаліі стане ўжо 38-й па ліку. Першыя Сусветныя дні адбыліся ў 1986 годзе па ініцыятыве Папы Яна Паўла ІІ у Рыме, а апошнія — у 2019 годзе ў Панаме. Форум у Лісабоне павінен быў адбыцца летам 2022 года, але быў перанесены на іншы тэрмін у сувязі з пандэміяй каранавірусу.