Пошук

19.10.2020 10:21   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Беатрыз Рок Антунэш з выкананым ёй лагатыпам СДМ 2023. Фота: lisboa2023.org

Крыж, Марыя, дарога, ружанец і сімвал Святога Духа — з такіх элементаў складаецца лагатып 38-х Сусветных дзён моладзі, які 16 кастрычніка прадставілі ў Партугаліі.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, аўтаркай графічнай выявы, выкананай у колерах партугальскага сцяга, стала 24-гадовая партугальская дызайнер Беатрыз Рок Антунэш.

Аргкамітэт 38-х Сусветных дзён моладзі, якія плануецца правесці ў 2023 годзе ў сталіцы Партугаліі Лісабоне, абвясціў міжнародны конкурс на лагатып гэтага форуму маладых. Праект-пераможца прадстаўляе крыж, у які ўпісаныя полымя — сімвал Духа Святога — і дарога, што нагадвае пра традыцыю пілігрымак, блізкую жыхарам Партугаліі, а таксама з’яўляецца адным з важных элементаў Сусветных дзён моладзі.

Упершыню на лагатыпе моладзевага форуму змешчаны ружанец, што звязана з марыйнай пабожнасцю, уласцівай партугальскаму Касцёлу, і асаблівым чынам з гісторыяй Фацімскіх аб’яўленняў.

На лагатыпе мы бачым таксама сілуэт Найсвяцейшай Панны Марыі ў вобразе маладой дзяўчыны, гатовай адказаць на Божы заклік і вырушыць у дарогу.

Аўтарка праекту Беатрыз Рок Антунэш вывучала графіку ў Лондане і цяпер працуе ў сталіцы Партугаліі. Як паведамляюць арганізатары, яе праца была выбрана сярод некалькіх соцень прадстаўленых на конкурс праектаў з каля 30 розных краін.

Прэзентацыя лагатыпу СДМ у Лісабоне невыпадкова адбылася 16 кастрычніка. Менавіта ў гэты дзень 42 гады таму Папам быў выбраны святы Ян Павел ІІ, які пазней стаў ініцыятарам правядзення Сусветных дзён моладзі.

Лагатып і гімн з’яўляюцца характэрнымі ўласцівасцямі сусветных моладзевых форумаў, якія праходзяць у розных краінах свету. Яны маюць не толькі папулярызацыйныя мэты, але таксама вялікае душпастырскае значэнне. Як адзначае КАІ, лагатып — гэта своеасаблівая візуальная катэхеза, якая адлюстроўвае найважнейшае пасланне сустрэчы, а гімн — гэта малітоўны спеў, якім маладыя людзі ва ўсім свеце моляцца ўжо ў перыяд падрыхтоўкі да гэтай важнай падзеі.

38-я Сусветныя дні моладзі пройдуць у 2023 годзе ў Лісабоне пад дэвізам «Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну» (Лк 1, 39). Інфармацыя пра моладзевы форум даступная на англійскай мове на старонцы СДМ 2023 г. ТУТ>>>

Абноўлена 11.11.2021 21:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця