Пошук

01.11.2019 09:25   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: AgenSIR

У лістападзе праводзіцца конкурс на лепшыя лагатып і гімн 37-х Сусветных дзён моладзі, якія ў 2022 годзе пройдуць у сталіцы Партугаліі Лісабоне. Адказны за моладзь у беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі прапануе беларускім юнакам і дзяўчатам узяць у ім удзел.

Любая моладзь!

«Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну»

(Лк 1, 39)

— так гучыць тэма 37-х Сусветных дзён моладзі, якія ў 2022 годзе пройдуць у сталіцы Партугаліі Лісабоне. Падрыхтоўкай да гэтага сусветнага моладзевага форуму стануць дыяцэзіяльныя сустрэчы моладзі: у 2020 годзе пад дэвізам: «Хлопча, кажу табе, устань» (Лк 7, 14) і ў 2021 годзе пад дэвізам: «Устань на ногі свае, бо для таго Я з’явіўся табе, каб зрабіць цябе сведкам» (пар. Дз 26, 16).

Мае дарагія маладыя сябры! Падрыхтоўка да СДМ у Лісабоне ўжо распачалася ў Панаме ў студзені гэтага года, калі было абвешчана, што наступны сусветны моладзевы форум пройдзе ў Партугаліі. Духоўна падрыхтавацца да Дзён моладзі на зямлі Фацімскіх аб’яўленняў заахвоціў нас папа Францішак, і ў гэтай падрыхтоўцы беларуская моладзь таксама паклікана ўзяць удзел.

Цяпер арганізатары абвясцілі конкурс на Гімн і лагатып 37-х Сусветных дзён моладзі.

Здаецца, часу да 2022 года яшчэ шмат, аднак тыя, хто хоча ўдзельнічаць у конкурсе, павінны да 4 лістапада прайсці рэгістрацыю на старонцы jmjlisboa2022.org, а да 29 лістапада прадставіць свае прапановы.

Да лагатыпу СДМ 2022 існуюць пэўныя патрабаванні.

  • Па-першае, удзельнічаць у конкурсе могуць паўналетнія маладыя людзі з мастацкімі здольнасцямі. Аматары таксама могуць далучыцца — трэба ж калісьці раскрыць свае здольнасці!
  • Па-другое, выяву павінны натхняць словы дэвізу 37-х Сусветных дзён моладзі: «Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну» (Лк 1, 39).
  • Па-трэцяе, канцэпцыя лагатыпа павінна адлюстроўваць хрысціянскі характар сустрэчы, а таксама партугальскія рэлігійна-культурныя матывы: маракі, евангелізацыя, Пяць Ранаў Езуса Хрыста, якія сімвалізуюць пяць шчытоў на гербе Партугаліі.
  • Па-чацвёртае, лагатып павінен быць каляровым, але не стракатым; ён павінен, між іншым, абавязкова ўключаць элементы зялёнага і чырвонага колеру — нацыянальных колераў Партугаліі.
  • Па-пятае, на выяве абавязкова абавязкова павінен быць Крыж і Марыйная сімволіка. Падказкай для творчасці могуць паслужыць лагатыпы папярэдніх СДМ.

Што датычыцца гімна, то тое самае павінна быць адлюстравана ў словах, пакладзеных на ноты — можна чорна-белыя )))

Дарагія сябры! Гэтая прапанова з’яўляецца вялікім шансам для моладзі Беларусі, каб зазначыць сваю прысутнасць у паўсюдным Касцёле.

Памятаеце, перад сустрэчай у Панаме мы толькі пераклалі і запісалі ўжо зроблены гімн на нашу мову (дзякую ксяндзу Андрэю Лішко і семінарыстам за пераклад, а гуртам AVE i OPEN за выкананне), а цяпер мы можам заахвоціць да перакладу з нашай мовы напісанага намі самімі гімна СДМ 2022.

Спрабуйце, дарагія сябры! У вас столькі моладзевай ініцыятывы, вы вельмі здольныя. Свае прапановы і пытанні вы можаце заўсёды скіраваць на пошту info@catholic by. Пішыце, райцеся: я заўсёды з вамі на сувязі і ў кантакце.

Малюся аб поспеху вашай адважнай ініцыятывы.

P.S. Вялікая просьба да душпастыраў і законных сясцёр, якія займаюцца душпастырствам моладзі, падтрымаць, падбадзёрыць і заахвоціць нашых таленавітых юнакоў і дзяўчат. Дзякуй вам за кожнае слова Евангелля, скіраванае нашай любай моладзі!

Падумайце ўжо сёння, як дапамагчы маладым людзям з Беларусі ўзяць удзел у 37-х Сусветных днях моладзі, якія ў 2022 годзе пройдуць у сталіцы Партугаліі Лісабоне. Я маю на ўвазе таксама арганізацыйны і фінансавы бок справы.

Абноўлена 01.11.2019 19:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця