
Арганізацыя аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) склала спіс з 60-і вялікіх гістарычных асоб, гадавіны і юбілеі якіх будуць адзначацца ў 2022–2023 гадах. У іх шэрагу таксама хрысціянскія дзеячы.
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, уключэннем у спіс прозвішчаў хрысціянскіх навукоўцаў і святых ЮНЕСКА пацвярджае ўнёсак у развіццё адукацыі, навукі і культуры таксама «хрысціянскага генію».
У спіс ЮНЕСКА ўвайшоў Мікалай Капернік (1473–1543), вучоны польскага паходжання, астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Вядома, што Мікалай Капернік прыняў у Каталіцкім Касцёле пасвячэнне субдыяканату.
Наступная асоба — армянскі рыцар святы Нэрсэс Вялікі, біскуп. Ён абверг аксіёму, што Касцёл ідэнтыфікуе сябе з арыстакратыяй, бо Касцёл — гэта найперш народ Божы.
У спіс ЮНЕСКА ўвайшоў і чэшска-аўстрыйскі біёлаг, манах аўгустынец абат Грэгар Ёган Мендэль (1822–1884), які адкрыў механізмы генетыкі чалавека.
Шэраг хрысціянаў у спісе ЮНЕСКА завяршае маладая французская кармэлітка святая Тэрэза з Лізьё (1873–1897). Духоўны досвед каталіцкай святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, панны і доктара Касцёла, захапляў не толькі веруючых.
Усе яны — Мікалай Капернік, святы Нэрсэс Вялікі, айцец Гэгар Мендэль і святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса — пэўным чынам паўплывалі на сваю эпоху і прычыніліся да агульнага дабра чалавецтва.
Менавіта іх, разам з іншымі вялікімі асобамі, ЮНЕСКА пастанавіла ўшанаваць у 2022–2023 гадах. Паводле шматгадовай праграмы, з кожнага народа вылучаецца адна асоба, якая праявіла сябе ў галіне міру, адукацыі, навукі, сацыяльных навук і камунікацыі.
Памяці заснавальніка генетыкі Мендэля будзе прысвечаны 2022 год, на які прыпадае 200-годдзе з дня яго нараджэння. У 2023 годзе розныя мерапрыемствы будуць прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння святой Тэрэзы з Лізьё, 550-годдзю з дня нараджэння Каперніка і 850-годдзю смерці святога Нэрсэса Вялікага.
Як паведаміў ксёндз Франчэско Пола з Папскай рады па культуры, іх імёны прапанавалі краіны, у якіх яны нарадзіліся: Польшча, Чэхія, Арменія і Францыя. «Святы Ян Павел ІІ казаў, што вера, якая не становіцца культурай, не з’яўляецца сталай верай», — адзначыў ксёндз Франчэско Пола.
Па словах святара, у ходзе дыскусіі на тэму «адукацыя дзеля талерантнасці», адбылася цікавая рэч: «Некаторыя краіны, пачынаючы ад Індыі, пачалі казаць: а чаму мы гаворым толькі пра культуру і адукацыю, ніколі не кажучы пра адукацыю духоўную і рэлігійную?».
І сапраўды, як сцвердзіў прадстаўнік Папскай рады па культуры, хрысціянства «сфармавала Еўропу».
«Таксама дэ Любак казаў, што можна стварыць грамадства без Бога, але яно заўсёды будзе супраць чалавека», — заключыў ксёндз Франчэско Поло.