Пошук

23.02.2021 14:05   Паводле: gosc.pl / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
«Астраном Капернік размаўляе з Богам». Мастак Ян Матэйка

Дыскусія пра тое, ці Мікалай Капернік быў каталіцкім святаром, працягвалася доўга: на гэты конт не было адзінага меркавання нават ужо ў пасляваенны час. Польскі прафесар ксёндз доктар Анджэй Капічка дапамагае разабрацца, як было насамрэч.

«Трэба ведаць, як у тыя часы выглядалі ніжэйшыя і вышэйшыя пасвячэнні, структура якіх адрознівалася ад сучаснай», — адзначае ксёндз доктар і тлумачыць, што было чатыры ніжэйшыя ступені пасвячэння: астыярыі, экзарцысты, акаліты і лектары. У 1972 годзе яны былі скасаваныя, і цяпер засталіся толькі лектарат і акалітат, якія называюцца паслугамі.

«Былі таксама вышэйшыя пасвячэнні, якія існуюць і ў наш час: дыяканат, святарства і біскупства. Да 1972 года ім папярэднічаў субдыяканат», — прыводзіць тлумачэнне кс. доктара Анджэя Капічкі партал gosc.pl.

Ксёндз прафесар звяртае ўвагу на тое, што ў часы Мікалая Каперніка існавала так званая танзура: «Даўней святары  Варміі (вобласць Еўропы, падзеленая сёння паміж Расіяй і Польшчай — заўвага Рэд.) мелі аголенае кола на макушцы, што было першым элементам далучэння кандыдата ў святары да духоўнага стану. Калі нехта меў танзуру, гэта азначала, што ён ужо быў духоўнай асобай, хоць з гэтым не былі звязаныя нейкія асаблівыя абавязкі».

«Прыгадваецца мне прафесар Баляслаў Кумар, выдатны гісторык Касцёла, які напісаў вялізны васьмітомны падручнік па гісторыі Касцёла. Ён выказваўся, што Капернік павінен быў мець святарскае пасвячэнне. У сваіх публікацыях ён прадстаўляў такую пазіцыю, — адзначае ксёндз прафесар. — І аргументаваў гэта тым, што Капернік быў вармінскім канонікам, а значыць павінен быў мець пасвячэнне. У іншым выпадку, ён не быў бы далучаны да калегіі канонікаў».

«Сёння ў нас з’явілася больш інфармацыі, і мы можам сцвярджаць, што Мікалай Капернік не меў святарскага пасвячэння, я маю на ўвазе тых вышэйшых пасвячэнняў, другой ступені — святарства і біскупства»,— тлумачыць ксёндз прафесар Анджэй Капічка.

Дык якое пасвячэнне ён меў?

«Праблема ў тым, што ў нас няма ніводнай пісьмовай згадкі, ніводнай гістарычнай крыніцы, таму мы базуемся на гіпотэзах. Прафесар Крыштаф Мікульскі, які займаецца асобай Мікалая Каперніка, у сваёй апошняй публікацыі піша, што ў Каперніка было ніжэйшае пасвячэнне. Калі ж мы прачытаем кнігу ксяндза прафесара Алойзія Шорца, то там знойдзем інфармацыю, што Капернік атрымаў пасвячэнне субдыяканату», — адзначае ксёндз Капічка і дадае, што субдыяканат лічыўся вышэйшым пасвячэннем, хоць і не быў у ліку трох вышэйшых пасвячэнняў.

«Гэта азначае, што ён выконваў усе абавязкі духоўнай асобы, а значыць быў абавязаны захоўваць цэлібат і маліцца Брэвіярый. Ён належаў да духоўнага стану», — падсумоўвае ксёндз прафесар.

Калі гэта магло адбыцца?

«Самай пэўнай датай з’яўляецца 1496 год, калі Мікалай Капернік быў вызначаны як кандыдат на вармінскага каноніка, якім стаў у 1497 годзе.

Калі ж для атрымання гэтай годнасці патрабавалася прынамсі ніжэйшае пасвячэнне, мы можам меркаваць, што дзядзя Каперніка, біскуп вармінскі Лукаш Ватцэнродэ, у 1496 годзе ўдзяліў яму ніжэйшыя пасвячэнні, у тым ліку субдыяканат.Тое, што Мікалай Капернік так і не атрымаў святарскага пасвячэння, найбольш верагодна», — сцверзіў ксёндз прафесар Анджэй Капічка.

Абноўлена 23.02.2021 14:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.