Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У пятнаццацігадовым узросце здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў.
Маладая кармэлітка зносіла выпрабаванні з годнай здзіўлення мужнасцю: з яе твару ніколі не знікала ўсмешка, а сама яна заўсёды была гатовая служыць бліжнім. Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кніжцы «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла. У гісторыі Касцёла яна стала трэцяй святой жанчынай, якая атрымала гэты тытул.