
Святы Філіп Нэры — італьянскі святар, касцёльны дзеяч, заснавальнік Кангрэгацыі аратарыянцаў.
Ён нарадзіўся ў Фларэнцыі 21 ліпеня 1515 года і ў васемнаццацігадовым узросце перабраўся ў Рым. Толькі ў 36 гадоў ён прыняў сан святара, працягнуўшы ў якасці пастыра тое інтэнсіўнае апостальскае служэнне, якое вёў, яшчэ будучы свецкім. Гэты неардынарны прэзбітэр адразу стаў мясцовай сенсацыяй.
Справа ў тым, што Філіп часта цэлебраваў Імшу ў поўнай адзіноце і стараўся рабіць гэта як мага хутчэй.
Прычына была дзіўнай: падчас літургіі яго ахоплівала такое моцнае рэлігійнае перажыванне, што ён літаральна адрываўся ад зямлі.
Філіп дарэмна спрабаваў схаваць ад старонніх вачэй свае шматлікія містычныя здольнасці, але яны ўсё роўна прарываліся вонкі. Яго малюсенькі пакой хутка ператварыўся ў духоўны цэнтр, асабліва для вулічных хлапчукоў і моладзі. У нейкі момант людзей стала так шмат, што яму прыйшлося перанесці сустрэчы на гарышча над касцёлам Сан-Джыралама-дэла-Карыта. Менавіта там нарадзіўся знакаміты Араторый.
Святы Філіп Нэры увасобіў у жыццё геніяльную ідэю: ён стварыў прастору для тых, хто шчыра хацеў паглыбіць сваё духоўнае жыццё, але пры гэтым не планаваў сыходзіць у кляштар і прымаць манаскія абяцанні.
Сюды сцякаліся ўсе: простыя людзі і арыстакраты, рамеснікі і прафесары, святары і парафіяне. Метад Філіпа быў інтэрактыўным і жывым. Адметнай рысай Філіпа Неры была яго глыбокая і сапраўдная пакора.
Філіп быў радцам пап Пія IV, Пія V, Грыгорыя XIII, Сікста V, Урбана VII, Грыгорыя XIV і Клімэнта VIII. Яго духоўнасць грунтавалася на любові да Бога і бліжняга, хрысціянскім аптымізме і неабходнасці ўнутранай аскезы. Пры жыцці Філіп атрымаў мянушку «хрысціянскі Сакрат» і шанаваўся як святы, а распрацаваная ім методыка пастырскай дзейнасці натхніла на стварэнне новых формаў апостальства заснавальніка Кангрэгацыі місій (лазарысты) святога Вінцэнта дэ Поля, святога Францішка Сальскага, а пасля і заснавальніка Кангрэгацыі салезіянаў святога Яна Боско.
Сваім духоўным дзецям ён нястомна паўтараў:
«Дзеці мае, будзьце лагоднымі, бо сапраўднае хрысціянства пачынаецца там, дзе чалавек вучыцца паважаць роўных сабе і тых, хто стаіць ніжэй за яго, імкнучыся заўсёды першым аказаць ім пашану».Святы Філіп Нэры завяршыў зямны шлях у Рыме 26 мая 1595 года.







