Пошук

18.05.2024 10:55   Відэа: YouTube-канал Betania / Catholic.by

Верніца катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне Вераніка Смыкоўская па ўласнай ініцыятыве запісала і змясціла ў сваім канале на YouTube аўдыёверсію кнігі святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса «Дзеі душы».

Пра свой праект спадарыня Вераніка распавяла Catholic.by, каб плёнам яе працы маглі шырока скарыстацца беларускамоўныя вернікі на прасторах сусветнага сеціва.

«Я паходжу з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы з Мастоўскага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі.

Я духоўна злучана са святой Тэрэзай ужо вельмі даўно. Яе шлях, яе дзіцячая шчырасць, адданасць да рэшты прыцягнулі маю ўвагу, і па сёння я кіруюся яе словамі ў сваім жыцці.

Гэтае аўдыё — мая ўдзячнасць ёй і магчымасць пашырыць яе „Дзеі душы“ сярод беларускіх вернікаў», — прызналася Вераніка Смыкоўская.

Аўдыёзапіс зроблены па кнізе святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса «Дзеі душы» якая ўбачыла свет у выдавецтве Гродзенскай дыяцэзіі ў 1997 годзе.

«Аўдыё зроблена дакладна ад пачатку да канца па гэтай кнізе. Ніводнае слова не было прапушчана, скарочана, і ніводнага майго слова не было дададзена», — запэўнівае ініцыятарка незвычайнага праекту.

Сама яна, аднак, сцвярджае, што сапраўдным «ініцыятарам праекту быў Святы Дух».

«Пасля доўгіх малітваў я вагалася наконт таго, ці ўзяцца за гэтую справу. Але менавіта Ён натхніў, ініцыяваў і асвяціў гэтую справу.

У наш час людзі мала чытаюць кнігі, бо больш адданыя сучасным тэхналогіям. Аўдыёзапіс — альтэрнатыва гэтаму, хоць сама я заўсёды выбіраю кнігі», — падзялілася спадарыня Вераніка.

«Калі Дух натхніў, я вырашыла там размяшчаць па чарзе аўдыёзапісы з кнігі Тэрэзкі, бо лічыла гэта добрай справай, асабліва пасля яе 150-годдзя з дня нараджэння. Ведаю, што многія яшчэ не чыталі гэтую кнігу; нават тыя, хто хацеў бы, яшчэ не дабраліся да яе. А тут прадстаўлена поўная кніга і акурат на беларускай мове», — дадала гродзенская верніца.

Усе ахвотныя могуць праслухаць кнігу ў запісе на YouTube-канале Betania ТУТ>>>

«Я ўпэўнена, што шлях малой Тэрэзкі прыцягне і асветліць яшчэ не адну душу», — лічыць аўтар аўдыёзапісу кнігі святой Тэрэзы «Дзеі душы» Вераніка Смыкоўская.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця