15 красавіка ў жэнеўскай сядзібе ААН ладзілася анлайн-канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў міжнародных устаноў і рэлігійных лідараў. Форум быў прысвечаны актуальным выклікам, якія перажывае чалавецтва.
Як заўважыў падчас канферэнцыі пастаянны аглядальнік Святога Пасаду ў Жэневе арцыбіскуп Іван Юркавіч, ад якасці міжнароднага дыялогу залежыць будучыня чалавецтва, а без ААН сённяшні свет быў бы яшчэ горшы, чым ёсць.
На думку ватыканскага дыпламата, словы якога прыводзіць польская рэдакцыя парталу Vatican News, праўда пра чалавечае братэрства асабліва праявілася падчас пандэміі, якая паказала вялікае значэнне супрацоўніцтва паміж краінамі.
«З пункту гледжання Жэневы, мы бачым складанасць і разнастайнасць чалавечай сям’і. На пачатку ў нас было ўражанне, што праявы салідарнасці паміж дзяржавамі былі больш заўважальнымі, аднак цяпер мы бачым, што ёсць таксама хвіліны няпэўнасці.
Павялічваецца няроўнасць і падзелы паміж дзяржавамі, якія становяцца ўсё больш відавочнымі, і назіраем таксама, што ў меншай ступені прымаюцца пад увагу найслабейшыя. Гэта праяўляецца і ў гонцы па назапашванні вакцын на рынку, да такой ступені, што некаторыя дзяржавы маюць іх нават зашмат, а ў іншых гэтыя запасы ўвогуле адсутнічаюць», — падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч.
Па словах ватыканскага дыпламата, гэта «эфект дзеяння „вірусу радыкальнага індывідуалізму“, які Святы Айцец раскрытыкаваў у адной са сваіх прамоў».
Менавіта гэты вірус, як дадаў іерарх, падштурхнуў «Святы Пасад да прэзентацыі энцыклікі на форуме ААН падчас мерапрыемства на тэму братэрства, шматбаковасці і міру».
«Гэта тры словы, якія вельмі добра спалучаюцца ў Жэневе, бо братэрства з’яўляецца натхненнем для Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а таксама для Папы. Шматбаковасць з’яўляецца пытаннем, звязаным з мноствам цяжкасцяў, і заўсёды патрабуе падтрымкі. А Жэнева — цэнтр перамоваў у справе раззбраення і міру», — сцвердзіў арцыбіскуп Іван Юркавіч.