24 ліпеня папа Францішак распачаў сваё 37-е Апостальскае падарожжа. Святы Айцец скіраваўся ў Канаду ў «пакаянную пілігрымку», якая праходзіць пад знакам блізкасці да карэннага насельніцтва гэтай паўночнаамерыканскай краіны.
«Дарагія канадскія браты і сёстры, я прыбываю да вас, каб сустрэцца з карэннымі народамі. Спадзяюся, што з Божай ласкай мая пакаянная пілігрымка паспрыяе распачатаму шляху прымірэння. Калі ласка, суправаджайце мяне малітвай», — напісаў Пантыфік у Twitter, распачынаючы падарожжа.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, першым этапам візіту папы Францішка ў Канаду стане горад Эдмантан, адміністрацыйны цэнтр правінцыі Альбэрта, якая знаходзіцца на захадзе краіны.
У міжнародным аэрапорце Эдмантана Святога Айца сустрэлі прадстаўнікі дзяржаўных і касцёльных уладаў, у тым ліку Апостальскі нунцый у Канадзе арцыбіскуп Іван Юркавіч, які з 2001 па 2004 год быў прадстаўніком Святога Айца ў нашай краіне.
Пасля больш чым дзесяцігадзіннага пералёту Святы Айцец ступіў на канадскую зямлю. Ён стаў другім у гісторыі Пантыфікам, які прыбыў у гэту краіну. Да яго тут быў святы Ян Павел ІІ, прычым тройчы: у 1984, 1987 і 2002 гадах.
Як паведамляе Vatican News, згодна з пратаколам, першым на борт самалёта падняўся Апостальскі нунцый у Канадзе, арцыбіскуп Іван Юркавіч. Папу, які перасоўваўся на інвалідным вазку, сустракалі Генерал-губернатар Канады Мэры Сайман, Прэм’ер-міністр Джасцін Трудо і прадстаўнікі карэнных народаў. Цырымонія не прадугледжвала прамоў. Адбылося ўзаемнае прадстаўленне дэлегацый, рота ганаровай варты аддала ваенныя ўшанаванні, прадстаўнікі карэнных народаў выканалі прывітальны спеў.
Потым у аэрапорце адбылася кароткая прыватная сустрэча Папы з прадстаўнікамі ўладаў. Афіцыйныя перамовы паміж імі пройдуць 27 ліпеня ў рэзідэнцыі Генерал-губернатара ў Квебэку.
З аэрапорта Папа Францішак скіраваўся ў семінарую святога Юзафа ў Эдмантане. Праграма першага дня яго падарожжа не прадугледжвала публічных мерапрыемстваў, каб Святы Айцец мог адпачыць пасля доўгага пералёту і адаптавацца да вялікай розніцы ў часе.
«37-е Апостальскае падарожжа папы Францішка, якое праходзіць пад дэвізам „Ісці разам“ — гэта вельмі чаканы знак жадання садзейнічаць шляху аздараўлення і прымірэння з карэннымі народамі, якім у мінулым была нанесена вельмі вялікая шкода праз палітыку культурнай асіміляцыі, у ажыццяўленне якой былі ўключаны многія хрысціяне і члены манаскіх супольнасцяў», — адзначыў у інтэрв’ю Vatican News Апостальскі нунцый Юркавіч.
Дыпламат распавёў, што з моманту яго прызначэння нунцыем у Канадзе ён апынуўся ў вельмі асаблівай атмасферы, якая ўтварылася ў канадскім грамадстве, пазначанай вельмі крытычным стаўленнем да Касцёла ў сувязі з яго мінулым. Дыпламат нагадаў, што Касцёл зрабіў шмат добрага, але ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра пытанне, якое датычыцца захавання самабытнасці карэннага насельніцтва.
«Нават калі Папы і біскупы некалькі разоў выступалі з тлумачэннямі і просьбамі аб прабачэнні, існавала патрэба ў вырашэнні гэтай праблемы. За апошнія тры гады Канферэнцыя біскупаў распрацавала больш складаны шлях, які прадугледжваў у якасці першай мэты сустрэчу Святога Айца з чатырма дэлегацыямі. Гаворка ідзе пра вельмі важныя сустрэчы, якія адбыліся напрыканцы сакавіка і на пачатку красавіка. Яны адчынілі дзверы для гэтага надзвычайна шчырага жэсту Святога Айца — прыбыць сюды і асабіста даць сведчанне адносна пазіцыі Касцёла», — патлумачыў нунцый Юркавіч, дадаўшы, што чаканні ад візіту папы ў Канадзе вельмі высокія.
«Гэта дакладна будзе нетыповае падарожжа, бо яно звязана з вялікай адказнасцю. Безумоўна, яно будзе мець сваю ўрачыстую, радасную частку, якая адрознівае кожную малітву, асабліва калі яе ўзначальвае Святы Айцец. З іншага боку, існуе вялікая адказнасць перад грамадскай думкай, якая часам грунтуецца на ацэнках сітуацыі, не заўсёды прадстаўленай ва ўсёй яе складанасці. Сапраўды, у адносінах да Касцёла ўтварылася вельмі цяжкая атмасфера, таксама з-за некаторых медыйных спрашчэнняў, але ўсё ж ёсць і рэальная адказнасць, якая назбіралася на працягу гісторыі”, - заўважыў нунцый.
Дыпламат падкрэсліў, што адзначаецца вялікія радасць у сувязі з візітам Святога Айца, які прыбыў у Канаду, нягледзячы на тое, што падарожжа вельмі цяжкае з фізічнага пункту гледжання. У той жа час, ёсць спадзяванне, што пілігрымка Папы прынясе суцяшэнне людзям, якія пацярпелі. Нунцый Юркавіч запэўніў у гатоўнасці Касцёла працаваць на карысць карэнных народаў, раздзяляючы адказнасць за тое, што здарылася ў мінулым, разам з канадскімі ўладамі.
Прадстаўнік Папы перакананы, што падчас падарожжа будзе закранацца трагедыя вайны ва Украіне, бо ў Канадзе пражывае вельмі шмат украінцаў, якія эмігравалі ў гэтую краіну за апошнія сто гадоў.
«Святы Айцец прыбывае як вястун усеагульнага міру, а не толькі нацыянальнага прымірэння. Ён вельмі заклапочаны мірам ва ўсім свеце, які ў гэты момант знаходзіцца пад такой драматычнай пагрозай», — падкрэсліў Апостальскі нунцый у Канадзе Іван Юркавіч.
Візіт папы Францішка ў Канаду будзе працягвацца да 30 ліпеня.