Пошук

12.02.2021 12:54   Паводле: КАІ / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: CNA

Апостальскі візіт Папы Францішка ў Ірак, які пройдзе з 5 па 8 сакавіка, на думку іракскага халдэйскага біскупа Кіркука-Сулейманіі Юсіфа Томаса Міркіса, стане здзяйсненнем мары святога Яна Паўла ІІ, які больш за 20 гадоў таму жадаў здзейсніць пілігрымку ў Ур, у дом Абрагама.

Як са спасылкай на SIR паведамляе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, халдэйскі Патрыярхат Вавілона апублікаваў прывітальны ліст іракскага іерарха да Папы Францішка. Біскуп Юсіф Томас Меркіс зазначыў у ім, што вітае Папу Францішка «ў цярпенні іракскага Касцёла, які страціў дзве трэціх сваіх вернікаў у выніку эміграцыі».

Ён вітае Папу, які «спрабуе рэфармаваць Касцёл», адмовіўшыся ад «палацаў, золата, чырвоных пантофляў і каралеўскіх тытулаў».

«Вітаю Папу Францішка ў Касцёле, якому патрэбныя розныя формы паклікання, святары жанатыя і нежанатыя, манахі і манашкі, якія служаць пры алтары, і — чаму б не? — жанчыны-дыяканісы, якія маюць пакліканне да служэння і да сакрамэнтаў. Вітаю сярод народа, які церпіць», — напісаў халдэйскі біскуп.

Ён запэўніў Святога Айца, што іракцам неабходна пачуць яго словы, якія нагадаюць пра «глабалізацыю талерантнасці, любоў да бедных, міласэрнасць, радасць, служэнне, справядлівасць, што грунтуецца на павазе да рэлігійных адрозненняў», пра «патрэбу умацавання адносін паміж рэлігіямі і пра асуджэнне форм інтэлектуальнай замкнутасці: нацыянальнай, сектанцкай і рэлігійнай, што з’яўляецца прычынай нашага няшчасця і абражае ўсіх».

Як адзначае КАІ, Папа Ян Павел ІІ меў намер наведаць Ур у 2000 годзе.

Пра планаванае падарожжа было ўжо абвешчана, аднак яно не змагло адбыцца з-за палітычнай сітуацыі ў Іраку. Таму 23 лютага 2000 года Святы Айцец здзейсніў сімвалічную духоўную пілігрымку па слядах Абрагама падчас Літургіі слова ў Ватыкане, у якой у фармаце тэлемосту ўзялі ўдзел вернікі ў халдэйскай катэдры ў Багдадзе.

Абноўлена 12.02.2021 12:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.