Пошук

26.08.2021 15:47   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: chaldeanchurcherbil.org

Некалькі дзён таму Сінод каталіцкага Халдэйскага Касцёла, вернікі якога пражываюць пераважна на Блізкім Усходзе з цэнтрам у Багададзе (Ірак), выключыў з назвы Патрыярхату спасылку на Вавілон, паколькі, як сцвердзілі сінадальныя айцы, гэта не мела гістарычнага абгрунтавання.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, такое тлумачэнне падаецца ў заяве Патрыярха, апублікаванай 23 жніўня ў адказ на шматлікія пытанні і нават палемічныя каментары, якія з’явіліся неўзабаве пасля Сіноду.

Падчас сінадальнай сесіі, якая праходзіла ў Багдадзе з 9 па 14 жніўня пад старшынством Патрыярха кардынала Луіса Рафаэля Сако, іерархі гэтага ўсходняга каталіцкага Касцёла абмеркавалі многія важныя тэмы. Адной з іх стала змена афіцыйнай назвы Касцёла, раней вядомага як Вавілонскі Патрыярхат Халдэяў (Patriarchatus Babylonensis Chaldaeorum).

Цяпер ён будзе называцца Халдэйскі Патрыярхат.

Патрыярх звярнуў увагу на тое, што шмат крытыкі зыходзіць з боку халдэйскай дыяспары, у той час як у самім Іраку «ніхто не выступае супраць рашэння Сіноду». Было падкрэслена, у прыватнасці, што Вавілон быў сталіцай Вавілонскай імперыі, але «ён ніколі не быў біскупскай ці патрыяршай сталіцай, а сёння гэта іракскі мусульманскі горад». Папярэдняя назва Патрыярхату была пазбаўлена якой-кольвечы гістарычнай базы з розных прычын. У патрыяршай заяве звяртаецца ўвага на тое, што калі хрысціянства дасягнула Месапатаміі, Вавілонія ўжо доўгі час была ў руінах.

Да стварэння Халдэйскага Патрыярхату, звязанага сувязямі іерархічнай супольнасці з Наступнікам святога Пятра, прывялі складаныя гістарычныя абставіны сярэдзіны XVI стагоддзя, якія паспрыялі таму, што частка Асірыйскай Царквы Усходу пацвердзіла поўную камунію з Рымам.

Успамін Вавілона з’явіўся ў назве Патрыярхату толькі ў 1724 годзе.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа