15 красавіка Святы Пасад паведаміў, што Папа Францішак прызначыў монсіньёра Філіпо Чампанэллі, які да гэтага працаваў у Аддзеле агульных спраў Дзяржаўнага Сакратарыяту, намеснікам сакратара Дыкастэрыі Усходніх Касцёлаў, якую ўзначальвае кардынал Клаўдыё Гуджэроцці.
Як адзначае Украінская рэдакцыя парталу Vatican News, пасада намесніка сакратара вызвалілася пасля таго, як яго папярэднік, монсіньёр Флавіё Пачэ быў прызначаны сакратаром Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Як і сам кіраўнік дыкастэрыі кардынал Гуджэроцці, монсіньёр Чампанэллі раней працаваў у Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі.
Монсіньёр Філіпо Чампанэллі нарадзіўся 30 ліпеня 1978 года ў італьянскім горадзе Навара, стаў святаром Наварскай дыяцэзіі ў 2003 годзе. Абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, а пасля вучобы ў Папскай касцёльнай акадэміі паступіў на дыпламатычную службу Святога Пасаду. У розны час нёс служэнне ў прадстаўніцтвах Ватыкана ў Грузіі, Арменіі, Азербайджане і ў Беларусі. З 2015 года працаваў у Аддзеле агульных спраў Дзяржаўнага Сакратарыяту.
Монсіньёр Чампанэллі стаў больш вядомы шырокаму колу вернікаў пасля таго, як Папа Францішак даручыў яму чытаць свае катэхезы і прамовы падчас некалькіх аўдыенцый і сустрэч, калі з-за прастуды меў праблемы з голасам.