Пошук

07.12.2020 17:19   Паводле: Vatican News

З’явілася інфармацыя аб першым замежным падарожжы Пантыфіка пасля перапынку, звязанага з пандэміяй каранавірусу. Ён плануе адправіцца на Блізкі Усход.

Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News. «Прымаючы запрашэнне Рэспублікі Ірак і мясцовага Каталіцкага Касцёла, Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа ў вышэйзгаданую краіну з 5 па 8 сакавіка 2021 года, наведваючы Багдад, раўніну Ур, звязаную з памяццю Абрагама, Эрбіл, а таксама Масул і Каракаш на раўніне Нінэвія», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве прэс-службы Святога Пасаду.

Праграма падарожжа будзе апублікавана пазней. Яна будзе ўлічваць развіццё надзвычайнай сітуацыі ў галіне аховы здароўя.

25 студзеня гэтага года Папа прымаў у Ватыкане Прэзідэнта Ірака Бархама Салеха.

Тады было заяўлена, што перад краінай стаяць праблемы садзейнічання стабільнасці і працэсу рэканструкцыі, якія прадугледжваюць шлях дыялогу і пошук адэкватных рашэнняў на карысць грамадзян і нацыянальнага суверэнітэту. Цэнтральнае месца тут займае важнасць захавання гістарычнай прысутнасці хрысціянаў і неабходнасць гарантавання іх бяспекі і месца ў будучыні краіны.

У Іраку да 2003 г., перад канфліктам, які прывёў да падзення Садама Хусэйна, было каля 1,4 млн хрысціянаў. Жах вайны і акупацыя Нінэвійскай раўніны тэрарыстычнай Ісламскай дзяржавай у перыяд з 2014 г. па 2017 г. скараціў іх колькасць прыблізна да 300–400 тыс. Прэзідэнт Салех неаднаразова падкрэсліваў каштоўнасць хрысціянаў і іх ролю ў грамадстве, а прэм’ер-міністр Мустафа Аль Казымі запрасіў хрысціян, якія пакінулі Ірак, вярнуцца, каб зрабіць свой уклад у рэканструкцыю краіны.

Аднак мір, бяспека і стабільнасць усё яшчэ застаюцца марамі. Эканамічны крызіс, беспрацоўе, карупцыя і каля 2 млн унутрана перамешчаных асобаў — сапраўдныя выклікі для Ірака.

Паводле ацэнак UNICEF, больш за 4 млн чалавек маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, палова з іх — дзеці.

У сітуацыі, калі не хапае бальніц і лекаў, пандэмія COVID-19 забівае тысячы людзей.

Апостальскі візіт у Ірак з 1 па 3 снежня 1999 г. павінен быў стаць першым этапам пілігрымкі Яна Паўла ІІ у Вялікі юбілей 2000-годдзя хрысціянства. Але ён не быў рэалізаваны, паколькі Садам Хусэйн пасля некалькіх месяцаў перамоў не даў сваёй згоды на яго.

Абноўлена 08.12.2020 11:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.