Пошук

26.01.2021 17:57   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: cdn.theatlantic.com

Хрысціяне ў Іраку «штурмуюць неба», просячы аб заканчэнні пандэміі каранвірусу і аб тым, каб Папа Францішак мог здзейсніць апостальскае падарожжа ў іх краіну.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, з гэтай мэтай 25 студзеня Патрыярх Халдэйскай Царквы кардынал Луіс Сако абвясціў трохдзённы пост пад дэвізам «уваскрашэнне Нінівы» на ўзор навяртання і посту жыхароў гэтага старажытнага горада, да якіх быў пасланы прарок Ёна.

Пра гэтыя падзеі, апісаныя ў Святым Пісанні, апавядалася ў першым чытанні Літургіі слова мінулай нядзелі.

З гісторыі вядомы таксама факт, як у VIII ст. трохдзённеы пост хрысціянаў Месапатаміі ўратаваў мясцовых жыхароў ад эпідэміі чумы.

Такі пост заключаецца ва ўстрыманні ад ежы да поўдня або да вечара, а таксама накладае абавязак штодзённага ўдзелу ў набажэнствах і святой Імшы.

«Будзем жа каяцца ў нашых грахах, маліцца аб вызваленні ад каранавірусу, задумаемся на сэнсам нашага жыцця, выканаем свае абавязкі ў адносінах да нашых братоў і сясцёр, праявім салідарнасць з хворымі, беспрацоўнымі, працягнем ім руку дапамогі», — заклікае кардынал Луіс Сако.

«Для нашай Царквы гэты трохдзённы пост вельмі важны: ён мае амаль такое ж значэнне, як і Вялікі пост, паколькі звязаны з гісторыяй Ірака. У VIII ст. тут выбухнула вялікая эпідэмія. Тагачасны Патрыярх Эзэхіэль абвясціў трохдзённы пост па прыкладу жыхароў Нінівы, каб зараза спынілася.

Сёння мы знаходзімся ў падобнай сітуацыі з увагі на пандэмію каранавірусу.

Гэта добрая нагода для таго, каб больш інтэнісўна маліцца, прасіць аб ацаленні ад пандэміі, а таксама аб навяртанні да братэрства, аб пераадоленні фундаменталізму, аб адмаўленні ад насілля, каб да ўсіх праяўляць салідарнасць. І сапраўды людзі шмат моляцца ў гэты час. Нашы святыні поўныя».

Кардынал Сако сказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, што, нягледзячы на два нядаўнія тэракты ў Багдадзе, падрыхтоўка да візіту Папы праходзіць нармальна. Святы Айцец мае намер наведаць краіну з 5 па 8 сакавіка.

Патрыярх Халдэйскай Царквы падкрэсліў, што яго землякі з візітам Папы звязваюць шмат спадзяванняў. Для іх ён як быццам прарок Ёна для жыхароў Нінівы.

«Мы верым, што ён можа даць пачатак новаму працэсу перамен», — лічыць іракскі Патрыярх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.