Копія канстанцінопальскага сабора святой Сафіі — важнейшай святыні ўсходняга хрысціянства, якая нядаўна зноў была ператворана ў мячэць, — можа быць пабудавана ў Сірыі або ў Грэцыі.
Як паведаміла riforma.it, 27 ліпеня прэзідэнт Сірыі Башар Асад заявіў, што ў яго краіне можа быць пабудавана копія сабора святой Сафіі ў Стамбуле, колішнім Канстанцінопалі, дзе 24 ліпеня ўпершыню за апошнія 86 гадоў зноў адбыўся пятнічны мусульманскі намаз.
Новая святыня Мудрасці Божай (менавіта так перакладаецца Сафія) магла б з’явіцца ў сірыйскай правінцыі Хама на захадзе краіны пры матэрыяльнай падтрымцы Расіі.
Найбольш крытыкі адносна рашэння прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана зноў ператварыць у мячэць сабор, які з 1934 года быў музеем, гучала ад уладаў Грэцыі і Расіі. Але сваю незадаволенасць гэтым рашэннем турэцкіх уладаў выказвалі і дзяржавы, дзе большасць насельніцтва складаюць мусульмане, такія, як Іран і Саудаўская Аравія. Да іх далучылася таксама Сірыя, дзе з 2011 года працягваецца крывавая грамадзянская вайна, у якую пастаянна ўмешваецца Турцыя і іншыя краіны.
Галоўным саюзнікам Дамаску сёння з’яўляецца Расія, таму ўрад Башара Асада невыпадкова прапанаваў пабудаваць на сірыйскай зямлі копію сабора святой Сафіі ў Стамбуле. Аднак гаворка ідзе пра будаўніцтва паменшанай копіі знакавай для ўсіх хрысціянаў святыні, якая можа быць пабудавана ў ваколіцах Хамы, пятага па велічыні горада Сірыі з пераважна праваслаўным насельніцтвам. Пляцоўку пад будаўніцтва выдзяліў кіраўнік мясцовага праўрадавага апалчэння з адабрэння праваслаўнага Мітрапаліта Хамы Мікалая (Баальбакі).
Як сказаў дэпутат расійскай Дзярждумы Віталь Мілонаў, Сірыя — гэта ідэальнае месца для пабудовы новай базылікі Мудрасці Божай, паколькі, «у адрозненне ад Турцыі, з’яўляецца краінай, якая пераканаўча паказвае магчымасць мірнага і пазітыўнага міжрэлігійнага дыялогу».
Разам з тым таксама праваслаўныя хрысціяне Грэцыі выказваюць падобныя намеры.
Мітрапаліт Месагеі і Лаўрыотыкі Мікалай (Хадзінікалаў) лічыць, што, «магчыма, настаў час, каб Свяшчэнны Сінод [Эладскай Царквы], улады і ўвесь народ разам пабудавалі велічную святыню Мудрасці Божай».
Грэчаскі праваслаўны іерарх лічыць, што «гэта стала б выкананнем даўняга абяцання нашых гераічных продкаў», якія казалі пра гэта адразу ж пасля аднаўлення незалежнасці на пачатку ХІХ стагоддзя.
Як паведаміў Мітрапаліт Мікалай Orthodox Christianity, новы храм святой Сафіі мог бы з’явіцца непадалёк ад міжнароднага аэрапорта Афін імя Элефтэрыяса Венізеласа ў прадмесці грэчаскай сталіцы «на пляцоўцы, якая 20 гадоў таму была выдзелена пад будаўніцтва мячэці, што так і не была пабудавана».
Улады краіны мелі намер пабудаваць мячэць у межах падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў 2004 года, аднак гэты праект, які павінна была фінансаваць Саудаўская Аравія, так і не быў рэалізаваны.
Сёння Афіны — адзіная сталіца дзяржавы-члена Еўрапейскага Саюзу, у якой няма ніводнай афіцыйна дзеючай мячэці, а мясцовыя мусульмане моляцца ў арэндаваных неафіцыйных залах малітвы. У мінулым годзе было завершана будаўніцтва новай мячэці, якое вялося за бюджэтныя сродкі, але пакуль яна яшчэ не адкрыта.