24 ліпеня ў саборы святой Сафіі ў Стамбуле ўпершыню з 1934 года праводзіцца намаз — пятнічная мусульманская малітва. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, нягледзячы на крытыку, згадзіўся на змену статусу сабора, які цяпер будзе мячэццю.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у малітве ў гэтую пятніцу будзе ўдзельнічаць каля дзвюх тысяч запрошаных гасцей. Візантыйскія мазаікі, створаныя ў часы, калі сабор быў найвялікшай хрысціянскай святыняй, павінны быць закрытыя на час мусульманскай малітвы, бо такія выявы ў мячэцях забароненыя.
«Нарэшце гэтае месца будзе вызвалена з кайданоў няволі, — сказаў некалькі дзён таму Рэджэп Эрдаган. — Ператварэнне аб’екта зноў у мячэць пасля 86 гадоў яго функцыянавання як музея — найбольш натуральнае права нашага народа».
Многія лічылі, што Эрдаган не прыме гэтага рашэння. Адзначалася, што сабор мае вялікае сімвалічнае значэнне і такі крок выклікаў бы незадавальненне хрысціянаў і міжнародных партнёраў.
Сабор быў асвячаны ў 537 г. У 1453 г. мусульмане завалодалі візантыйскім Канстанцінопалем і зрабілі святыню мячэццю. У 1934 г. заснавальнік Турэцкай Рэспублікі Мустафа Кемаль Атацюрк ператварыў яе ў музей. У гэтым кантэксце ператварэнне яе зноў у ісламскі дом малітвы з’яўляецца таксама перамогай над свецкім рэжымам Кемаля.
Як кажа Рэджэп Эрдаган, дату 24 ліпеня ён абраў невыпадкова. У гэты дзень у 1923 г. еўрапейскія дзяржавы мірнай дамовай у Лазане прызналі межы новай Турцыі. Абраннем гэтага дня Эрдаган падкрэсліў перабудову свецкай рэспублікі ў ісламскую дзяржаву. Пастановы падпісанага ў Лазане пагаднення ўключалі таксама перасяленне большасці турэцкіх вызнаўцаў праваслаўя ў Грэцыю, а грэцкіх мусульман — у Турцыю.
Амаль тысячу гадоў сабор святой Сафіі быў адной з найважнейшых святыняў хрысціянства і сядзібай праваслаўных патрыярхаў.
Пасля заваявання Канстанцінопаля мусульманамі сабор служыў наступныя 500 гадоў як найважнейшая мячэць Асманскай імперыі.
Рашэнне ператварыць сабор, які стаў музеем, зноў у мячэць выклікала хвалю пратэстаў ва ўсім свеце, абурэнне палітыкаў і прадстаўнікоў Цэркваў. Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах Жазэп Барэль нагадаў Турцыі пра яе міжрэлігійныя і культурныя абавязкі. Камісія біскупскіх канферэнцый еўрапейскай супольнасці (COMECE) заявіла, што гэты крок аддаляе Турцыю ад Еўропы. Вельмі крытычна выказаўся Маскоўскі Патрыярхат Рускай Праваслаўнай Царквы. Расчараванне і смутак з-за рашэння турэцкіх уладаў выразіла Сусветная Рада Цэркваў.
Рада Цэркваў Блізкага Усходу палічыла гэтае рашэнне цяжкім ударам для ініцыятыў хрысціянска-мусульманскага дыялогу, які праводзіўся апошнія 30 гадоў у адказ на праявы рэлігійнага экстрэмізму і фанатызму. Асабліва крытычна гэта ацэньваецца ў той час, калі, як адзначаецца, вядуцца дзеянні на карысць мірнага і салідарнага сумеснага жыцця хрысціянаў і мусульманаў пасля падпісання ў 2019 г. у Абу-Дабі Папам Францішкам і Вярхоўным імамам суніцкага ўніверсітэта Аль-Азхар у Каіры Ахмедам Аль Таебам дэкларацыі аб чалавечым братэрстве.
Турэцкія ўлады сцвярджаюць, што сабор святой Сафіі цалкам адкрыты для ўсіх — веруючых, няверуючых, мусульманаў, хрысціянаў і будыстаў.
Турцыя запрашае ўсіх, у тым ліку Папу, адзначыў нядаўна прэс-сакратар прэзідэнта краіны Ібрагім Калін. Такім чынам ён адказаў на словы Пантыфіка, што таго вельмі засмучае рашэнне ператварыць сабор у мячэць.
Прэс-сакратар турэцкага лідара дадаў, што сітуацыя са свабодай веравызнання ў краіне добрая, хоць хрысціянскія арганізацыі дапамогі прадстаўляюць сумную карціну жыцця мясцовых рэлігійных меншасцяў.