Пошук

24.07.2020 16:09   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Падпаленая місія св. Арханёла Габрыэля ў Каліфорніі. Фота: churchmilitant.com

У апошні час у ЗША адбылося шмат актаў агрэсіі, скіраваных супраць касцёлаў і знакаў каталіцкай веры. Пра прычыны гэтай з’явы піша каталіцкі журналіст Мэцью Уолтар на старонках часопіса The Week.

Як перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, напачатку журналіст паведамляе пра апошнія акты агрэсіі супраць Касцёла: разбурэнне помніка ахвярам абортаў у акрузе Саліван (штат Нью-Ёрк), а таксама пра таран касцёла на машыне з каністрамі з бензінам падчас малітвы, што выклікала пажар у святыні.

У сваім артыкуле Мэцью Уолтар нагадвае складаную гісторыю каталіцтва на амерыканскай зямлі, пачынаючы з ХІХ ст., калі католікаў лічылі «невукамі» і ставіліся да іх з пагардай.

Сёння сітуацыя моцна змянілася: напрыклад, большасць суддзяў Вярхоўнага суда — гэта католікі. Таксама і многім сенатарам каталіцкая вера не перашкаджае займацца палітыкай і актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці.

Разам з тым сёння чуваць галасы, якія сцвярджаюць, што дабрачынная і бяскрыўдная арганізацыя пад назваю «Рыцары Калумба» нібыта «падобная да Ку-клукс-клану і шкодная для грамадства». Знішчэнне выяваў Хрыста і Маці Божай падаецца як «барацьба з расавай няроўнасцю». Разбураюцца і скульптуры святых, такіх як Хуніпэр Сэра, хоць дзякуючы яму на карце з’явіўся штат Каліфорнія.

Амерыканскі журналіст лічыць, што прычынай гэтых актаў агрэсіі з’яўляецца «нянавісць да Касцёла, сакрамэнтаў, нязменнага каталіцкага веравучэння, яго праслаўленых святых, яго біскупаў, святароў, братоў і сясцёр законных, а таксама да саміх вернікаў».

«Чаму гэтая відавочная прычына замоўчваецца СМІ, застаецца для мяне таямніцай», — піша Уолтар.

На заканчэнне артыкула журналіст прыводзіць прарочае на яго думку выказванне кардынала Фрэнсіса Юджына Джорджа (1937–2015 гг.), беатыфікацыйны працэс якога цяпер знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі. У 2010 годзе журналісты папрасілі іерарха падзяліцца думкамі адносна будучыні Касцёла ў ЗША. Кардынал адказаў, што ён спакойна памрэ на сваім ложку, але яго наступнік ужо можа памерці ў вязніцы, а наступнік яго наступніка — ужо як мучанік на гарадской плошчы, аднак «яго наступнік збярэ абломкі разбітай супольнасці і паволі пачне адбудоўваць цывілізацыю, як Касцёл ужо не раз рабіў у гісторыі чалавецтва».

Мэцью Уолтар мяркуе, што словы кардынала Джорджа могуць здзейсніцца ў жыцці ўжо наступных пакаленняў.

Абноўлена 24.07.2020 17:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа