Вернікі ў Злучаных Штатах Амерыкі аказаліся бездапаможнымі перад нападамі на хрысціянскія месцы культу, якія адбываюцца ў краіне штотыдзень.
Як 18 ліпеня паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, напады зазвычай звязаныя з пратэстамі супраць расізму. Касцёл у Амерыцы патрабуе, каб гэтыя злачынствы атрымалі належную прававую ацэнку як акты нянавісці.
Некалькі дзён таму была аблітая фарбаю фігура Маці Божай у Каларада-Спрынгс, а ў Маямі скінулі фігуру Езуса Добрага Пастыра, адбіўшы галаву.
Раней вялікі рэзананс выклікала разбурэнне помнікаў святога Хуніпэра Сэры, апостала Каліфорніі і заснавальніка Сан-Францыска.
За апошнія тыдні згарэлі таксама два касцёлы. Адзін з іх — місія, заснаваная святым Хуніпэрам, якая з’яўлялася гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Паліцыя яшчэ не высветліла, ці быў гэта падпал. Другі пажар знішчыў у мінулую суботу касцёл у Акале (Флорыда). Там паліцыі ўдалося схапіць падпальшчыка, які перад гэтым пратараніў на машыне дзверы святыні, пасля чаго абліў бензінам падлогу і падпаліў.
Магчыма, пералом у падыходзе да падобных інцыдэнтаў адбудзецца дзякуючы пазіцыі арцыбіскупа Маямі Томаса Венскага.
Пасля таго, як на тэрыторыі яго дыяцэзіі была скінута фігура Езуса Добрага Пастыра, ён патрабуе змяніць класіфікацыю такога роду злачынстваў.
Як прававая ацэнка, так і грамадскае меркаванне пакуль бачаць у іх звычайныя акты вандалізму ці наогул толькі свавольствы маладых людзей. Арцыбіскуп Маямі хоча, каб яны пераследаваліся законам як злачынствы, здзейсненыя з нянавісці да веры і Касцёла.
У гэтым канкрэтным выпадку зразумела, што гаворка ідзе не пра выпадковасць ці банальнае хуліганства. Каб скінуць такую цяжкую фігуру, трэба было гэта добра спланаваць, кажа кс. Эдвальдо ДаСілва, які нясе служэнне ў мясцовай парафіі. Пры гэтым святар дадае, што вернікі супольнасці моляцца за тых, хто гэта зрабіў. На п’едэстале фігуры парафіяне змясцілі надпіс: «Бог перамагае зло» і паставілі кветкі.