Шлях святога Якуба зноў даступны для пілігрымаў. Базыліка Сант’яга-дэ-Кампастэла на паўночным захадзе Іспаніі адкрылася з 1 ліпеня.
Па інфармацыі польскай рэдакцыі парталу Vatican News, адкрыццё пілігрымкі і базылікі, як адзначыў душпастыр пілігрымаў у Сант’яга кс. Рудольф Хагман, не азначае, вядома, вяртання да ранейшых умоваў.
Працягваюць дзейнічаць асаблівыя правілы гігіены, таксама пілігрымам трэба даведацца пра эпідэміялагічную сітуацыю.
Па словах святара, дзякуючы пешай пілігрымцы многія знайшлі новы, павольны тэмп і новую магчымасць для ўнутранага досведу, сутыкнуліся з пытаннямі, якім дагэтуль удзялялі мала часу. Ён лічыць, што вялікая цікавасць да пілігрымак, якая назіралася перад пандэміяй, адлюстроўвае жаданні сучаснага секулярызаванага свету. Людзі зразумелі, што ў жыцці патрэбна зусім няшмат матэрыяльных дабротаў, а таксама пілігрымка дазваляе «пакінуць ажыятаж і адкрыць свае вочы і пачуцці на тое, што стварыў Бог».
Шлях святога Якуба — еўрапейскі маршрут пілігрымак, які вядзе да базылікі Сант’яга-дэ-Кампастэла. 2021 год планавалася аб'явіць Святым годам, таму многія пансіянаты, рэстараны і муніцыпалітэты ўклалі сродкі ў інфраструктуру. Але яны баяцца, што чаканая колькасць пілігрымаў будзе нашмат меншай з-за каранавірусу і яны панясуць страты, таму разглядаецца магчымасць перанесці Святы год на 2022.
Шлях святога Якуба з'яўляецца адным з самых важных хрысціянскіх маршрутаў пілігрымак разам са шляхамі ў Рым і Ерузалем.
Паводле легенды, цела св. Якуба перавезлі на чаўне ў паўночную Іспанію, дзе пахавалі ў тым месцы, дзе зараз існуе Сант’яга-дэ-Кампастэла.
Пра гэты найбольш папулярны ў свеце пілігрымкавы маршрут казаў падчас адпустовых урачыстасцяў у Будславе таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Іерарх заўважыў, што ў выкліканай пандэміяй складанай эпідэміялагічнай сітуацыі не было арганізаваных пілігрымак, але пры гэтым многія беларускія вернікі ішлі ў Будслаў у індывідуальным парадку — так, як гэта адбываецца на шляху святога Якуба: у самоце ці паасобнымі сем’ямі. Гэта зручна таксама тым, што для такой пілігрымкі можна выбраць любы адпаведны час і рытм.
«Магчыма, такі фармат у нас прыжывецца, і нават пасля заканчэння пандэміі падобныя пілігрымкі будуць адбывацца», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.