Пошук

13.05.2020 09:36   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: LWF / Albin Hillert

Сусветная Рада Цэркваў прыняла рашэнне далучыцца да міжрэлігійнага дня малітвы і посту ў інтэнцыі спынення пандэміі каранавірусу, які пройдзе 14 мая.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у выніку да ініцыятывы, падтрыманай Папам Францішкам і каталіцкімі біскупамі Беларусі, далучацца таксама прадстаўнікі 350-і праваслаўных, англіканскіх і пратэстанцкіх Цэркваў і супольнасцяў, якія ўваходзяць у Сусветную Раду Цэркваў.

«Многія з нас перажываюць страх і няўпэўненасць, падзел і ізаляцыю, нярэдка таксама выпадкі смерці блізкіх з іх сем’яў або царкоўных супольнасцяў, — падкрэсліў часова выконваючы абавязкі Генеральнага сакратара арганізацыі айцец Іаан Саўка. —

Паколькі мы павінны працягваць разам шукаць шлях выйсця з гэтага глабальнага пандэмічнага крызісу, пра агульную волю ўзаемнага клопату сведчыць адзінства ў малітве, якая ахоплівае свет», — дадаў святар.

З ініцыятывай правесці 14 мая сусветны дзень малітвы аб спыненні эпідэміі выступіў міжрэлігійны Высокі камітэт па чалавечым братэрстве. У закліку было падкрэслена, што ў цяперашнім крызісе «нельга забыцца пра зварот да Бога Стварыцеля».

Да малітвы можа далучыцца кожны чалавек, незалежна ад краіны паходжання і веравызнання.

Ініцыятыву падтрымаў таксама Папа Францішак, заахвоціўшы вернікаў усіх рэлігій 14 мая духоўна з’яднацца ў супольнай малітве і посце, а таксама ўчынках міласэрнасці. Гэта павінна стаць выразам супольнай просьбы да Бога, каб Ён дапамог чалавецтву пераадолець пандэмію каранавірусу. Пры гэтым Папа нагадаў, што малітва мае «ўніверсальную каштоўнасць».

Высокі камітэт па чалавечым братэрстве быў створаны ў мінулым годзе. Яго заданне — увасабленне ў жыццё Дакументу аб чалавечым братэрстве дзеля міру ў свеце і супольнага жыцця, які быў падпісаны 4 лютага 2019 года ў Абу-Дабі Папам Францішкам і Вялікім імамам універсітэта Аль-Азхар Ахмедам аль-Таебам.

Абноўлена 13.05.2020 11:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця