Пошук

22.06.2018 15:01   Паводле: Vatican News / Фота: Vatican Media / ANSA / Catholic.by

21 чэрвеня Святы Айцец здзейсніў аднадзённае Апостальскае падарожжа ў Жэневу, прымеркаванае да 70-годдзя Сусветнай Рады Цэркваў. Напярэдадні візіту ён наведаў рымскую базыліку Святой Марыі Вялікай, дзе даручыў падарожжа на радзіму кальвінізму апецы Найсвяцейшай Панны Марыі.

У Швейцарыі Папа ўзяў удзел у экуменічнай малітве ў штаб-кватэры Сусветнай Рады Цэркваў, падчас якой прамовіў казанне. Пасля абеду ў гонар Пантыфіка ў Экуменічным інстытуце ў Босэ ён выступіў з прамовай на экуменічнай сустрэчы ў Сусветнай Радзе Цэркваў, а ўвечары ўзначаліў св. Імшу з удзелам мясцовай каталіцкай супольнасці.

Сусветная Рада Цэркваў (СРЦ) — найбольшая міжнародная экуменічная арганізацыя, заснаваная ў 1948 г. у Амстэрдаме. Яна ўключае каля 400 хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў з больш чым 100 краінаў, якія прадстаўляюць каля 400 мільёнаў вернікаў. Каталіцкі Касцёл не ўваходзіць у склад СРЦ, але больш за 30 гадоў супрацоўнічае з ёю, накіроўваючы назіральнікаў на ўсе значныя форумы, а таксама на пасяджэнні цэнтральнага камітэту і рабочых групаў.

«Шлях да адзінства хрысціянаў — гэта акт паслухмянасці Пану і любові да свету», — адзначыў Папа падчас экуменічнай малітвы ў штаб-кватэры СРЦ. У сваім казанні ён нагадаў заклік «паступаць паводле Духа» (пар. Гал 5, 16. 25), які апостал Павел скіраваў да галатаў, калі паміж імі адбываліся спрэчкі і ўнутраныя канфлікты.

Паводле словаў Святога Айца, гаворка ідзе пра тое, каб выбраць логіку служэння і расці ў прабачэнні, кіравацца «любоўю, радасцю, супакоем, доўгацярплівасцю, лагоднасцю, дабрынёй, вернасцю, далікатнасцю, стрыманасцю». Папа перакананы, што хрысціяне пакліканы крочыць шляхам пастаяннага навяртання «дзеля абнаўлення нашага мыслення, каб яно адпавядала мысленню Святога Духа».

На яго думку, экуменічны рух, якому значна паспрыла Сусветная Рада Цэркваў, узнік менавіта дзякуючы ласцы Святога Духа.

Калі падыходзіць да экуменізму з меркаваннямі гэтага свету, то гэта — «вялікае стратнае прадпрыемства».

«Але гаворка ідзе пра „евангельскую страту“, згодна з тым шляхам, які паказаў Езус: „Хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго“ (пар. Лк 9, 24)», — падкрэсліў Святы Айцец.

Ён упэўнены, што ўжо цяпер магчыма ісці наперад паводле Духа: маліцца, евангелізаваць, служыць разам.

«Гэта магчыма і гэта падабаецца Богу! Крочыць разам, маліцца разам, працаваць разам: гэта наш галоўны шлях», — сцвердзіў Папа, назваўшы адзінства мэтай гэтага шляху. Пры гэтым ён папярэдзіў, што рух у адваротным кірунку вядзе да падзелаў, войнаў і разбурэнняў.

«Бог просіць нас аб адзінстве; свет, разадраны шматлікімі падзеламі, ад якіх пакутуюць перадусім самыя слабыя, моліць аб адзінстве», — заўважыў Пантыфік і падкрэсліў, што прыбыў у Жэневу менавіта ў якасці пілігрыма еднасці і міру. Ён сцвердзіў, што шлях да адзінства хрысціянаў — гэта не стратэгія для набыцця большай вагі, а акт паслухмянасці Пану і любові да свету.

У сваёй прамове падчас сустрэчы ў штаб-кватэры СРЦ, прысвечанай 70-годдзю гэтай экуменічнай структуры, папа Францішак звярнуў увагу на тое, што лічба «семдзесят» у Бібліі азначае споўнены час, знак Божага благаслаўлення, а таксама нагадвае пра наказ Езуса прабачаць ажно «семдзесят сем разоў», што азначае міласэрную любоў і прабачэнне без межаў.

«Гэта любоў, якая пасля стагоддзяў канфліктаў дазваляе нам сёння быць разам, як братам і сёстрам, якія прабачылі адно аднаму і ўдзячныя Богу, нашаму Айцу», — сказаў Святы Айцец.

Ён таксама заўважыў, што лічба «семдзесят» нагадвае і пра колькасць вучняў, якіх Хрыстус паслаў абвяшчаць Евангелле ў розных частках свету. Яна адпавядала колькасці вядомых тады народаў, пералічаных на пачатку Бібліі, дадаў Папа і падкрэсліў, што таксама сёння евангельская місія адрасавана ўсім народам і кожны вучань павінен стаць апосталам, місіянерам.

«Сусветная Рада Цэркваў з’явілася менавіта як прылада гэтага экуменічнага руху, выкліканага моцным заклікам да місіі: як могуць хрысціяне евангелізаваць, калі яны падзеленыя паміж сабой? Гэтае тэрміновае пытанне яшчэ вызначае напрамак нашага шляху і тлумачыць малітву Пана аб еднасці, „каб паверыў свет“», — сцвердзіў Пантыфік.

Паводле папы Францішка, сёння неабходны новы евангельскі запал.

«Я перакананы, што калі ўмацуецца місійны запал, умацуецца таксама адзінства паміж намі. Як на самым пачатку абвяшчэнне пазначыла вясну Касцёла, так евангелізацыя пазначыць росквіт новай экуменічнай вясны», —  дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Пасля экуменічнай сустрэчы ён скіраваўся ў жэнеўскі палац кангрэсаў і выстаў Palexpo, дзе ўзначаліў цэлебрацыю св. Імшы з удзелам швейцарскай каталіцкай супольнасці.

У сваёй гаміліі Святы Айцец Францішак засяродзіўся на словах Хрыста з Евангелля паводле св. Мацвея (Мц 6, 7–15), у якіх Езус вучыць сваіх паслядоўнікаў малітве «Ойча наш».

«Толькі звяртаючыся да Бога „Ойча“, мы молімся на „хрысціянскай мове“. Молімся „па-хрысціянску“: не абстрактнаму Богу, а Богу, які з’яўляецца Татам», — падкрэсліў Папа.

Паводле яго словаў, малітва «Ойча наш» раскрывае хрысціянскую тоеснасць — тоеснасць умілаваных дзяцей.

«Калі кажам „Ойча наш“, мы сцвярджаем, што ніводная асоба нам не чужая, а перад абліччам шматлікага зла, што абражае вобраз Айца, мы, Яго дзеці, пакліканы рэагаваць як браты, як добрыя ахоўнікі нашай сям’і, і дзейнічаць так, каб не было абыякавасці ў адносінах да брата, кожнага брата: яшчэ не народжанага дзіцяці, старога, які ўжо не размаўляе, знаёмага, якому не можам прабачыць, адкінутага жабрака», — сказаў Пантыфік.

На заканчэнне гаміліі папа Францішак заклікаў швейцарскіх вернікаў прасіць Бога, каб Ён даў ім ласку не чакаць ініцыятывы ад іншага, а самім рабіць першы крок у малітве, у братэрскай сустрэчы, у канкрэтных праявах любові.

Пасля св. Імшы Святы Айцец вярнуўся ў Рым, завяршыўшы сваё 23-е замежнае падарожжа. Папа Францішак стаў трэцім Пантыфікам, які наведаў Сусветную Раду Цэркваў. Раней тут ужо былі бл. Павел VI (1969 г.) і св. Ян Павел II (1984 г.).

Абноўлена 22.06.2018 15:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.