Пошук

06.05.2024 13:13   Catholic.by
Фота: Twitter Viola Amherd

Швейцарыя скіравала запрашэнне Ватыкану ўзяць удзел у канферэнцыі па міры ва Украіне, якая пройдзе ў сярэдзіне чэрвеня без удзелу Расіі.

Пра гэта ў інтэрв’ю выданню Blick, апублікаваным 5 мая, сказала федэральны прэзідэнт Швейцарыі Віёла Амхэрд.

У суботу яна сустрэлася з Папам Францішкам і, паводле яе словаў, сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся, была і вайна ва Украіне. На пытанне газеты аб тым, ці прыедзе Папа на мірную канферэнцыю ў Швейцарыі, Амхэрд адказала:

«Ватыкан вельмі станоўча ставіцца да мірнай канферэнцыі».

Прэзідэнт таксама пацвердзіла, што скіравала запрашэнні Бразіліі, Індыі, Кітаю і ПАР — усе гэтыя краіны, разам з Расіяй, уваходзяць у групу БРІКС, уяўляючы сабой найбуйнейшыя краіны свету, якія развіваюцца. Паводле прэзідэнта Амхэрд, рэакцыя гэтых краін на запрашэнні была «пазітыўнай». Пакуль, аднак, няма афіцыйнага пацверджання ўдзелу іх прадстаўнікоў у канферэнцыі, якая пройдзе 15–16 чэрвеня на швейцарскім курорце Бюргеншток.

Як адзначыла Віёла Амхэрд, яна спадзяецца на «шырокі ўдзел» у канферэнцыі, якая, паводле яе словаў, будзе прысвечана чатыром асноўным тэмам: гуманітарным аспектам, ядзернай бяспецы, свабодзе суднаходства і харчовай бяспецы. Усе гэтыя пункты ўваходзяць у так званую «формулу міру прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

«Яшчэ адным поспехам было б, калі б мы змаглі канкрэтна падысці да мірнага працэсу», — сказала прэзідэнт Швейцарыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа