6 красавіка ва ўзросце 93-х гадоў у сваім доме у Цюбінгене адышоў у вечнасць ксёндз Ганс Кюнг — адзін з найбольш славутых сучасных тэолагаў, заснавальнік фонду Weltethos — «Сусветны Этас».
Гэты швейцарскі тэолаг, які ў 1960–1996 гадах выкладаў у Цюбінгенскім універсітэце, адыграў значную ролю ў Каталіцкім Касцёле. Такія яго кнігі, як «Беспамылковы?», «Быць хрысціянінам», «Ці існуе Бог?» сталі сапраўднымі бэстсэлерамі, хоць не ва ўсім былі згодныя з настаўніцтвам Касцёла.
У снежні 1979 года Кангрэгацыя Веравучэння забараніла ксяндзу Кюнгу навучаць ад імя Каталіцкага Касцёла.
Гэтае рашэнне стала кульмінацыяй шматгадовага канфлікту, сутнасць якога зводзілася да сумневаў у беспамылковасці Папы і асноватворных палажэнняў хрысталогіі.
Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, якое паведаміла пра смерць багаслова, падае яго кароткі жыццярыс.
Ганс Кюнг нарадзіўся 19 сакавіка 1928 года ў швейцарскім Зурзэе ў кантоне Люцэрн. З 1960 года да выхаду на пенсію ў 1996 годзе ён быў выкладчыкам тэалогіі ў Цюбінгенскім універсітэце. Да сакавіка 2013 года ксёндз Кюнг кіраваў заснаваным ім фондам Weltethos — «Сусветны Этас».
Як святар ён увесь час крытыкаваў «палітыку Касцёла» і перасцерагаў ад празмернай цэнтраліцзацыі ўлады ў Ватыкане.
Ганс Кюнг выступаў за аднаўленне ў Касцёле і за экуменічную адкрытасць, мэтай чаго павінна было стаць уз’яднанне падзеленых хрысціянскіх Цэркваў.
Дыскусіі працягваліся доўгія гады, пакуль у 1979 годзе не было прынята вышэйзгаданае рашэнне Кангрэгацыі Веравучэння. З таго часу ажно да выхаду на пенсію ксёндз Кюнг быў звычайным выкладчыкам у Цюбінгене, а таксама дырэктарам Інстытуту экуменічных доследаў, хоць пры гэтым не быў звязаны з ніводным факультэтам.
На працягу больш як 30-і гадоў тэолаг вёў дыялог з рэлігіямі свету. Дэвіз заснаванага ім фонду гучыць проста: «Не рабі іншаму таго, што табе непрыемна». Ксёндз Кюнг падкрэсліваў, што для яго важнымі з’яўляюцца агульначалавечыя этычныя каштоўнасці, агульныя падыходы і нормы.
З яго заклікам: «Няма міру ў свеце без міру паміж рэлігіямі» быў згодны Папа, прадстаўнікі ісламу і прэзідэнты ЗША.
Швейцарскі тэолаг лічыў, што заўсёды існуе магчымасць прымірыцца з Ватыканам. Пры гэтым ён адзначаў, што свае тэалагічныя погляды «тлумачыў вельмі падрабязна, як, магчыма, ніводзін іншы багаслоў». Пры гэтым святар дадаваў, што ўмоваю збліжэння з касцёльнымі ўладамі павінна стаць тое, каб «таксама Настаўніцкі Інстытут Касцёла ў Рыме распачаў самакрытычны дыялог і не абмяжоўваўся толькі выданнем дэкрэтаў, асуджэннем і ігнараваннем». Багаслоў выказваў надзею на «прагматычную згоду».
За згоду паміж Ватыканам і супярэчлівым тэолагам выступалі Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Вальтэр Каспер і былы Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Германіі кардынал Карл Леман, які памёр некалькі гадоў таму.
У верасні 2005 года ксёндз Ганс Кюнг сустрэўся ў Ватыкане з Папам Бэнэдыктам XVI.
Абодва тэолагі згадзіліся з тым, што «ў межах гэтай сустрэчы не мела сэнсу закранаць дактрынальныя адрозненні, якія існуюць паміж Гансам Кюнгам і настаўніцтвам Касцёла». Таму, як паведаміў тагачасны кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Хаакін Навара-Вальс, было вырашана абмеркаваць два пытанні, якія ў апошні час найбольш цікавілі швейцарскага мысляра: сусветную этыку і дыялог ratio (розуму) натуральных навук з ratio хрысціянскай веры.
Ксёндз Ганс Кюнг напісаў шмат кніг, многія з якіх былі перакладзены ў агульным выніку на 32 мовы. Найбольш вядомыя з іх — «Касцёл» (1967 г.), «Беспамылковы?» (1970 г.), «Быць хрысціянінам» (1974 г.), «Ці існуе Бог?» (1978 г.), «Жыццё вечнае?» (1982 г.) і «Credo» (1992 г.).
Швейцарскі багаслоў таксама стварыў трылогію, прысвечаную тром монатэістычным рэлігіям: юдаізму, хрысціянству і ісламу (1991–2004 гг.). У 1997 г. ксёндз Кюнг апублікаваў працу пад назваю «Сусветны этас для сусветнай палітыкі і эканомікі. Увосень 2002 г. выйшла ў свет праца «Здабытая ў змаганні свабода» — першая частка аўтабіяграфіі, а апошняя, трэцяя частка «Перажытая чалавечнасць» з’явілася ўвосень 2013 г. Гэтая кніга была ўспрынятая як своеасаблівае развітанне з грамадскай дзейнасцю Ганса Кюнга, якому на той час было ўжо 85 гадоў.
Ксёндз Кюнг, адзін з заснавальнікаў міжнароднага багаслоўскага агляду «Communio», быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, з’яўляўся ганаровым доктарам 12-і ўніверсітэтаў у розных краінах свету і ганаровым грамадзянінам Цюбінгена.
У 2005 г. швейцарскі тэолаг атрымаў прэстыжную прэмію міру Нівано, якая стала выразам прызнання яго «непрамінальнага ўнёску і заслуг у справе дыялогу і супрацоўніцтва паміж рэлігіямі».