Пошук

29.01.2020 15:08   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Слуга Божы Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі / day.kyiv.ua

Галоўны рабін Украіны Машэ Рэўвен Асман звярнуўся ў Нацыянальны мемарыял Яд ва-Шэм у Іерусаліме з хадайніцтвам прызнаць пасмяротна Слугу Божага Андрэя Шаптыцкага Праведнікам народаў свету. 27 студзеня ініцыятыву падтрымаў прэзідэнт Зяленскі.

Грэка-каталіцкі Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, пад пастырскай апекай якога пэўны час знаходзіліся таксама грэка-католікі на тэрыторыі Беларусі, падчас Другой сусветнай вайны дапамагаў габрэям і ратаваў іх ад нацыстаў.

У петыцыі, якую апублікавала Рэлігійна-інфармацыйная служба Украіны, духоўны лідар мясцовай юдэйскай супольнасці нагадаў, што іерарх кіраваў акцыяй ратавання ад знішчэння больш за 150-і габрэйскіх дзяцей на тэрыторыі Заходняй Украіны. Мітрапаліт не толькі распарадзіўся схаваць іх у кляштарах, але і забараніў хрысціць гэтых дзяцей, каб яны надалей заставаліся часткай габрэйскага народа.

Рабін Машэ Рэўвен Асман звярнуў увагу на «абсурдную сітуацыю», якая склалася вакол гэтай справы.

Рэч у тым, што малодшы брат іерарха архімандрыт Клімэнт Шаптыцкі і ігумення Алена Вітэр, якія непасрэдна выконвалі распараджэнне Мітрапаліта, ужо атрымалі прызнанне ў якасці Праведнікаў народаў свету, а заслуга самога ініцыятара ратавання дзяцей да гэтага часу застаецца непрызнанай.

Галоўны рабін Украіны таксама назваў непацверджанымі абвінавачванні Андрэя Шаптыцкага ў тым, што ён нібы «вітаў і благаслаўляў» нацыстаў і іхніх паслугачоў, і падкрэсліў, што акцыя ратавання дзяцей — гэта вядомы факт і што гэта нашмат важней. Духоўны лідар украінскай юдэйскай супольнасці нагадаў, што ў 1942 годзе Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі звярнуўся з пасланнем пад назваю «Не забівай», у якой заклікаў украінцаў не ўдзельнічаць у знішчэнні сваіх суседзяў.

«У крывавым пекле Халакосту асоба Андрэя Шаптыцкага адрозніваецца, як скала ацалення і дабра», — напісаў галоўны рабін Украіны. Ён дадаў, што наданне Слузе Божаму тытулу Праведніка народаў свету, «які даўно яму па праве належыць, пакажа Украіне і ўсяму свету, што габрэйскі народ не забываецца сваіх сяброў і ратаўнікоў».

Падчас свайго працоўнага візіту ў Польшчу ў 75-ю гадавіну вызвалення лагера смерці ў Асвенціме прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падтрымаў петыцыю галоўнага рабіна, назваўшы гэтую ініцыятыву «ўсталяваннем гістарычнай справядлівасці».

Абноўлена 29.01.2020 17:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця