27 студзеня адзначаўся Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту. У Гродне з гэтай нагоды адбылося памятнае мерапрыемства ў раёне створанага нацыстамі гарадскога гета.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, адзнчыць памятную дату разам з прадстаўнікамі габрэйскай супольнасці горада над Нёманам прыйшлі неабыякавыя гараджане і прадстаўнікі духавенства.
Ад імя Каталіцкага Касцёла ў мерапрыемстве ўзяў удзел віцэ-канцлер Курыі Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Антоній Грэмза.
Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту адзначаецца ў памяць пра тое, што 27 студзеня 1945 года Чырвоная армія вызваліла адзін з самых страшных канцлагераў Другой сусветнай вайны — Аўшвіц-Біркенаў, створаны нацыстамі непадалёк ад польскага Асенцыма, дзе загінулі больш як мільён чалавек, пераважна габрэяў.
У час Другой сусветнай вайны з 29 тысяч гродзенскіх габрэяў у жывых засталося каля 200, а большая частка загінула ў Аўшвіцы.
Пасля вайны ў Гродна вярнуліся толькі некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў мясцовай габрэйскай супольнасці.
У лагеры смерці траплялі з Гродна не толькі габрэі, але таксама беларусы, палякі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, якія заўсёды жылі ў міры і згодзе на нашай зямлі.