27 студзеня на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу былога канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц-Біркенаў каля польскага Асвенціма адбыліся юбілейныя ўрачыстасці ў 75-ю гадавіну яго вызвалення савецкай арміяй.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у мерапрыемствах узялі ўдзел каля 200 былых вязняў нацысцкага лагера смерці, а таксама прадстаўнікі каля 60-і краін, у тым ліку кіраўнікі дзяржаў і дыпламаты.
Дэвізам юбілейных памятных мерапрыемстваў у Асвенціме сталі словы, занатаваныя адным з вязняў лагера смерці Залманам Градоўскім: «У нас страшнае прадчуванне, бо мы ведаем».
Каля жудаснай Брамы смерці разам маліліся юдэі і хрысціяне розных канфесій. У цырымоніі ўзялі ўдзел спецыяльны пасланнік Святога Айца Францішка кардынал Зянон Грахалеўскі, Апостальскі нунцый у Польшчы арцыбіскуп Сальваторэ Пэнак’ё і іншыя прадстаўнікі духавенства.
Удзельнікаў мерапрыемства прывітаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. У сваёй прамове кіраўнік суседняй дзяржавы падкрэсліў, што Халакост, галоўным месцам і сімвалам якога з’яўляецца лагер смерці ў Асвенціме, быў «нечуваным злачынствам ва ўсёй гісторыі чалавецтва». Польскі прэзідэнт заклікаў захоўваць памяць і не дапусціць скажэння праўды пра тое, што тут адбылося.
На цырымоніі таксама прамовілі чацвёра былых вязняў нацысцкага концлагера Аўшвіц–Біркенаў. З глыбіні сэрца Батшэвы Даган, якая перажыла жудасці Халакосту, нязбытым болем прагучала пытанне: «Дзе быў свет, які бачыў і чуў, але нічога не зрабіў, каб уратаваць столькі тысяч?!»
Станіслаў Залеўскі, старшыня Польскага саюзу былых палітычных вязняў гітлераўскіх вязніц і концлагераў, прачытаў словы, якія падчас наведвання мемарыялу ў Асвенціме прамовіў Папа Бэнэдыкт XVI:
«Мы не можам спацігнуць таямніцу Бога. Мы бачым толькі яе фрагменты і памыляемся, калі хочам стаць суддзямі Бога і гісторыі».
Каля помніка ахвярам лагера смерці Аўшвіц–Біркенаў запалілі знічы былыя вязні, якіх суправаджалі апекуны, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных дэлегацый. Падчас жалобнай цырымоніі многія ўдзельнікі не хавалі слёз.
Лагер смерці пад Асвенцімам з 1942 года стаў месцам масавага знішчэння людзей. Усяго тут было знішчана каля 1, 1 млн чалавек, пераважна габрэяў, але таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў: палякаў, цыганоў і савецкіх ваеннапалонных.
Коміны пячэй жудаснай фабрыкі смерці, у якіх нацысты спальвалі забітых у Асвенціме людзей, перасталі дыміць 27 студзеня 1945 года, калі лагер быў вызвалены савецкімі жаўнерамі 100-й Львоўскай дывізіі пяхоты 60-й арміі Першага Украінскага фронту пад камандаваннем генерал-маёра Фёдара Міхайлавіча Красавіна.
З увагі на значэнне месца і глыбокую сімволіку, якую набыў для ўсяго чалавецтва былы лагер смерці Аўшвіц–Біркенаў пад Асвенцімам, Генеральная Асамблея ААН у лістападзе 2005 года абвясціла дзень 27 студзеня Міжнародным Днём памяці ахвяраў Халакосту.
З нагоды 75-й гадавіны вызвалення лагера смерці ў Асвенціме каталіцкія біскупы Еўропы выступілі з заявай, у якой, між іншым, было сказана:
«75-я гадавіна вызвалення лагера Аўшвіц–Біркенаў у духу словаў Папы Францішка абавязвае нас гучна заявіць пратэст супраць усялякіх спробаў зневажання годнасці чалавека: расізму, ксенафобіі і антысемітызму. Мы не можам дазволіць, каб праўду ігнаравалі або маніпулявалі ёю дзеля часовых палітычных патрэбаў».