27 студзеня, калі ў свеце адзначаецца абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН Дзень памяці ахвяраў Халакосту, каталіцкія біскупы Еўропы з нагоды 75-й гадавіны вызвалення вязняў лагера смерці Аўшвіц–Біркенаў, створанага нацыстамі каля польскага Асвенціма, заклікаюць усіх вернікаў да малітвы.
«75-я гадавіна вызвалення лагера Аўшвіц–Біркенаў у духу словаў Папы Францішка абавязвае нас гучна заявіць пратэст супраць усялякіх спробаў зневажання годнасці чалавека: расізму, ксенафобіі і антысемітызму. Мы не можам дазволіць, каб праўду ігнаравалі або маніпулявалі ёю дзеля часовых палітычных патрэбаў», — гаворыцца ў заяве, з якой ад імя еўрапейскіх епіскапатаў выступілі Прэзідыюм Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы і старшыня Камісіі епіскапатаў Еўрапейскага саюзу.
Еўрапейскія біскупы падкрэсліваюць, што, хоць мінула 75 гадоў з дня вызвалення вязняў лагера Аўшвіц–Біркенаў, гэтае месца надалей напаўняе трывогай. Іерархі нагадваюць, што гэта быў самы вялікі нацысцкі лагер смерці, створаны ў 1940 годзе на акупаванай польскай тэрыторыі.
«У гэтую гадавіну мы заклікаем сучасны свет да прымірэння і міру, да павагі да права кожнага народа на існаванне, а таксама на свабоду, незалежнасць і захаванне ўласнай культуры. Мы не можам дазволіць, каб праўду ігнаравалі або маніпулявалі ёю дзеля часовых палітычных патрэбаў. Гэты заклік вельмі важны цяпер, таму што, нягледзячы на трагічны вопыт мінулага, свет, у якім мы жывем, увесь час сутыкаецца з новымі пагрозамі і праявамі насілля. Надалей маюць месца крывавыя войны, выпадкі генацыду, пераследу, розныя форму фанатызму, хоць гісторыя вучыць нас, што насілле ніколі не прыводзіць да міру, а вядзе да далейшага насілля і смерці», — гаворыцца ў заяве еўрапейскіх біскупаў.
Каталіцкія іерархі Еўропы падкрэсліваюць, што лагер смерці пад Асвенцімам стаў сімвалам усіх нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў і ўсіх падобных месцаў масавага знішчэння людзей. «Гэта ў пэўным значэнні вяршыня нянавісці да чалавека, якая сабрала сваё смяротнае жніво ў XX стагоддзі. Менавіта тут быў даведзены да крайнасці пастулат аб прынцыповай няроўнасці паміж людзьмі. Тут нацысты прысвоілі сабе права вырашаць, хто чалавек, а хто ім не з’яўляецца. Тут эўтаназія сутыкнулася з еўгенікай.
Лагер Аўшвіц–Біркенаў — гэта вынік сістэмы, заснаванай на ідэалогіі нацыянал-сацыялізму, якая азначала таптанне годнасці чалавека як вобразу Божага. Падобным чынам паводзіла сябе іншая таталітарная сістэма, а менавіта камунізм, які таксама сабраў шматмільённае смяротнае жніво», — падкрэслілі еўрапейскія каталіцкія біскупы.
Іерархі адзначылі, што былы лагер Аўшвіц–Біркенаў штогод наведваюць сотні тысяч чалавек. Сярод наведвальнікаў былі таксама тры Папы: святы Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і Францішак. Біскупы ўзгадалі, між іншым, словы Святога Айца Францішка, якія ён сказаў некалькі дзён таму, звяртаючыся да дэлегацыі Цэнтра Сымона Візэнталя: «Гадавіна неймавернай бязлітаснасці, пра якую чалавецтва даведалася 75 гадоў таму, заклікае нас спыніцца, каб замаўчаць і вярнуцца да памяці. Нам гэта патрэбна, каб не стаць абыякавымі».
Біскупы таксама заклікалі вернікаў 27 студзеня а 15-й гадзіне, гэта значыць у гадзіну вызвалення вязняў Асвенціма, запаліць свечкі і памаліцца за забітых у лагерах смерці людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў і за іх блізкіх.
«Няхай наша малітва паглыбіць прымірэнне і братэрства, супрацьлегласцю якога з’яўляецца варожасць, а таксама разбуральныя канфлікты і ўсё больш глыбокія непаразуменні», — гаворыцца ў заяве.
Ад імя еўрапейскіх каталіцкіх біскупаў заяву 25 студзеня падпісалі члены Прэзідыюму Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў, у які ўваходзяць яе Старшыня кардынал Анджэло Баньяско, намеснік Старшыні кардынал Вінсэнт Нікалс, намеснік старшыні арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі і старшыня Камісіі епіскапатаў Еўрапейскага саюза кардынал Жан-Клод Ольрыш.