Пошук

20.11.2019 10:31   Catholic.by
Фота: thaipbsworld.com

20 лістапада пасля начнога пералёту самалёт з папам Францішкам на борце прызямліўся ў аэрапорце сталіцы Тайланда Бангкока, адкуль Святы Айцец распачынае свой тыднёвы Апостальскі візіт у Тайланд і Японію.

Напярэдадні свайго 32-га замежнага Апостальскага падарожжа Папа па традыцыі наведаў базыліку Святой Марыі Вялікай у Рыме, дзе перад цудадзейным абразом Маці Божай Збаўлення рымскага народа даручыў сваё падарожжа Багародзіцы.

Святога Айца прывіталі на вайсковым тэрмінале аэрапорта ў Бангкоку. Не было ніякіх афіцыйных прамоваў, і непасрэдна з аэрапорту Пантыфік скіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру, якая падчас знаходжання ў Тайландзе стане ягоным домам.

Сённяшні дзень прызначаны на акліматызацыю і дастасаванне арганізму да вялікай розніцы ў часе. Афіцыйная цырымонія прывітання адбудзецца заўтра раніцай на пляцы перад Домам ураду.

Фота: Taiwan News

Пастыр паўсюднага Касцёла будзе знаходзіцца ў Азіі на працягу тыдня, да 26 лістапада, і за гэты час правядзе шэраг сустрэч з афіцыйнымі асобамі Тайланда і Японіі, з вернікамі, прадстаўнікамі іншых рэлігій і грамадзянскай супольнасці. Увечары ў чацвер 21 лістапада папа Францішак будзе цэлебраваць святую Імшу на стадыёне ў Бангкоку, на наступны дзень сустрэнецца з духавенствам і вернікамі Каталіцкага Касцёла ў Тайландзе, а ўвечары зноў узначаліць цэлебрацыю Эўхарыстыі ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў тайскай сталіцы.

У суботу 23 лістапада папа Францішак развітаецца з Тайландам і скіруецца на самалёце ў Токіо.

У нядзелю Святы Айцец наведае Хірасіму і Нагасакі — гарады, якія падчас Другой сусветнай вайны сталі ахвярамі ядзернай бамбардзіроўкі. У Нагасакі папа Францішак будзе цэлебраваць нядзельную святую Імшу ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.

У панядзелак Пантыфік сустрэнецца з Імператарам Японіі Нарухіта, а таксама правядзе сустрэчу з мясцовай каталіцкай моладдзю ў такійскай катэдры, пасля чаго ўзначаліць цэлебрацыю Эўхарыстыі на сталічным стадыёне.

26 лістапада папа Францішак завершыць свой Апостальскі візіт і вернецца ў Рым.

Абноўлена 20.11.2019 12:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця