Пошук

02.05.2019 10:31   Catholic.by
Імператарская сям’я. Фота: hellomagazine.com

1 мая на Хрызантэмавы пасад узышоў новы імператар Японіі Нарухіта. Яго жонка імператрыца Масака з’яўляецца выпускніцай каталіцкай школы Футаба ў Токіа.

Гэтая школа належыць да сеткі сярэдніх навучальных установаў, якімі апякуецца каталіцкая Cупольнасць сясцёр Дзіцяткі Езуса, створаная ў XVII ст. французскім святаром Нікаля Барам, якога ў 1999 г. св. Ян Павел ІІ абвясціў благаслаўлёным. Заснаваныя французскімі місіянеркамі школы Футаба існуюць у краіне ўзыходзячага сонца з ХІХ ст.

Сястра Ікука Танімота, якая была настаўніцай будучай імператрыцы, у інтэрв’ю карэспандэнту Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва КАІ узгадвае Масака як «старанную вучаніцу, якой ганарыцца іх школа». Яе імя знаходзіцца на інтэрнэт-старонцы выдатных выпускніц разам з імёнамі вядомых у Японіі пісьменніц і жанчын грамадскіх дзеячаў.

Папярэдніца Масака на Хрызантэмавым пасадзе імператрыца Міціка была выпускніцай каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца ў Токіа.

Беручы пад увагу той факт, што выпускнікі ў Японіі з вялікай пашанай адносяцца да сваіх навучальных установаў і школ, можна спадзявацца, што новая імператрыца будзе з павагай адносіцца да хрысціянства, як і яе папярэдніца.

Імператрыца Міціка часта наведвала сваю Alma mater, а некаторыя лічаць, што яна прыняла прынамсі «хрост жадання». Звяртаецца ўвага і на тое, што менавіта імператрыца Міціка стала больш адкрытай для простых людзей і пачала падаваць ім руку, што раней наогул немагчыма было сабе ўявіць. Магчыма, гэтую адкрытасць таксама можна лічыць праявай уплыву хрысціянскага светапогляду і веры.

Гаворачы пра сучасных імператараў, варта згадаць іх афіцыйныя кантакты з Янам Паўлам ІІ — першым і пакуль што адзіным Папам, які ў 1981 г. наведаў Японію. Тады ад імя ўсяго японскага народа яго прывітаў тагачасны іміператар Хірахіта.

На пахаванні Яна Паўла ІІ у 2005 г. Японію прадстаўляў тагачасны спадкаемца Хрызантэмавага пасаду сённяшні імператар Нарухіта.

Абноўлена 02.05.2019 14:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.