6 кастрычніка каля 600 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Парыжа (Францыя), каб выступіць у абарону Богам створанага інстытуту сям’і і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.
Касцёл у Францыі добра вядомы сваёй актыўнасцю і неабыякавасцю да выклікаў сучаснага свету. Існуючы шмат гадоў у сітуацыі моцнага прэсінгу з боку антыхрысціянскай ідэалогіі, французскія католікі даўно ўжо зразумелі, што акрамя іх саміх ніхто не будзе бараніць традыцыйныя каштоўнасці.
Шмат хто памятае вялізныя маніфестацыі ў 2013 годзе супраць усынаўлення дзяцей аднаполымі парамі, калі на вуліцы Парыжа выйшла больш за мільён свядомых грамадзянаў.
Сёлета з’явілася новая пагроза: згодна з новым законапраектам па біяэтыцы, свабодны доступ да бясплатнага ЭКА атрымаюць адзінокія жанчыны, а таксама тыя, хто знаходзіцца ў аднаполым саюзе. Гэта было адным з перадвыбарчых абяцанняў прэзідэнта Эмануэля Макрона.
Адказам на такую антычалавечую палітыку дзяржавы стала агульнанацыянальная акцыя пратэсту французскіх сямейных арганізацый, у першую чаргу каталіцкіх, якая адбылася напярэдадні ўспаміну Маці Божай Ружанцовай.
Яна прайшла пад дэвізам «Свабода. Роўнасць. Бацькоўства» — менавіта так гучыць пераасэнсаваны ў духу сямейных каштоўнасцяў лозунг Вялікай Французскай рэвалюцыі «Свабода. Роўнасць. Братэрства», бо акурат бацькоўства новы законапраект ставіць пад пагрозу.
У парыжскай акцыі ўзялі ўдзел таксама беларускія актывісты, якія на радзіме займаюцца абаронай сямейных каштоўнасцяў.
Абаронцаў жыцця з нашай краіны запрасіў далучыцца вядомы моладзевы прапаведнік а. Даніэль Анж, які ў мінулым годзе ўзяў удзел у сустрэчы моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Запрашаючы нас, ён папярэдзіў, што, напэўна, шмат людзей не будзе, таму што дзяржава не рэагуе на такія маніфестацыі і людзі гэта разумеюць.
«Але ўсё роўна наш абавязак — сведчыць пра нашую веру перад усім светам, у нас няма іншага выйсця», — адзначыў святар.
Мы вырашылі прыняць удзел у гэтай падзеі разам з моладдзю айца Даніэля, каб такім чынам праявіць салідарнасць з сусветным Касцёлам у агульнай справе абароны традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.
Сур’ёзным выпрабаваннем для арганізатараў і ўдзельнікаў стаў дождж, які ліў усю нядзельную раніцу, хоць, напэўна, шмат хто маліўся аб добрым надвор’і. Прагноз быў таксама не аптымістычны. Якім жа было нашае здзіўленне, калі апоўдні, за гадзіну да пачатку, з’явілася сонца, якое хутка ўсё высушыла: так і хацелася гэта параўнасць з Фацімскім «цудам сонца».
Прыродны цуд меў свой працяг: калі мы на перапоўненым метро дабраліся на месца старту, высветлілася, што ўвесь цэнтр Парыжа запоўнены ўдзельнікамі маршу, які расцягнуўся больш як на кіламетр.
Мы каля гадзіны чакалі, каб скрануцца з месца, бо было так шмат людзей, што паліцыя пусціла іх па паралельных вуліцах, прытым што пачатак маршу даўно дайшоў да фінішнага пункту на плошчы Монпарнас.
На ўдзел такой колькасці людзей — а іх было каля 600 тысяч — не спадзяваўся ніхто з арганізатараў, якія дзякавалі ўдзельнікам за неабыякавасць і адвагу. Нягледзячы на правакатараў, якія спрабавалі падбухторыць людзей на супрацьпраўныя дзеянні, марш прайшоў мірна і пазітыўна, і ў выніку паліцыя нікога не затрымала.
Не сапсавала настрою і контр-маніфестацыя — каля ста чалавек з так званай ЛГБТ-моладзі, акружаных такой колькасцю паліцыі, што моладзі было амаль што не відаць.
Мы ішлі па сонечных вуліцах Парыжа і не верылі, што гэта адбываецца наяве ў постхрысціянскай Еўропе, перасычанай ад дабрабыту.
Мы ўбачылі сапраўдную жывую каталіцкую Францыю: шматдзетныя сем’і, шмат святароў, сясцёр законных, моладзь і падзякавалі Богу, які дае сваім вернікам сілы быць сведкамі Ягонай праўды.
Касцёл жывы, малады, актыўны: менавіта такім чынам ён у свой час перамог магутную язычніцкую Рымскую імперыю. Таму галоўным вынікам гэтай акцыі з’яўляецца не прыняцце таго ці іншага закону, а магчымасць адчуць Валадарства Божае, еднасць Касцёла і яго моц, якая пераўзыходзіць усе зямныя сілы.