Урачыстай св. Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Віцебскі біскуп Алег Буткевіч, завяршыліся чарговыя дыяцэзіяльныя Дні моладзі, якія праходзілі ў Браславе з 23 па 25 ліпеня.
Для маладых людзей, якія прыехалі ў гэты маляўнічы куток Віцебскай дыяцэзіі, гэта быў плённы час, прысвечаны малітве, духоўным разважанням і магчымасці пабыць у супольнасці юнакоў і дзяўчат з падобнымі поглядамі.
«Тут сабралася вельмі сяброўская і таленавітая моладзь», — адзначыла Дзіяна Літвіновіч з Лынтупаў.
Дарэчы, многія маладыя ўдзельнікі адзначалі, што для іх сапраўды вельмі важна хоць некалькі дзён пабыць у супольнасці, дзе ты не выглядаеш «белай варонай» з-за сваіх рэлігійных поглядаў, як гэта часта здараецца ў сучасным секулярызаваным свеце. Гэта асабліва падкрэсліла Насця Жураўлёва з Наваполацка:
«На такіх сустрэчах адчуваеш, што ты не адна такая».
Менавіта на духоўную складаную гэтых Дзён моладзі звярнула ўвагу і Наташа Вячэрская з Мёраў. Дзяўчына распавяла, што мае вялікі досвед ўдзелу у падобных моладзевых форумах, але менавіта гэты ўразіў яе прыгажосцю літургіі.
Падчас правядзення Дзён моладзі было арганізавана пяць круглых сталоў, дзе моладзь абмяркоўвала праблемы, з якімі найчасцей сутыкаюцца юнакі і дзяўчаты ў сучасным свеце. Вось тэмы, якія на іх закраналіся: «Бяспека і небяспека ў інтэрнэце», «Традыцыйныя і нетрадыцыйная сям’я ў Беларусі», «Мужчына і жанчына: ад Я да Мы», «Твае сакрэты, якія табе перашкаджаюць жыць» і «Знайсці сваё месца ў Касцёле». Мадэратарамі абмеркаванняў былі як святары, так і свецкія асобы.
У гэтыя дні моладзь таксама мела магчымасць хрысціянскага адпачынку.
З вялікай радасцю юнакі і дзяўчаты танчылі падчас выступлення гурта з Баранавічаў The Crossway, які выступіў на гарадскім пляжы, каб на евангелізацыйны канцэрт маглі трапіць і іншыя жыхары Браслава.
У планы арганізатараў сёлета ўмяшалася надвор’е: вялікая залева перашкодзіла заканчэнню квэсту, які ўпершыню быў уведзены ў праграму Дзён моладзі.
Аб найбольш вострых праблемах моладзі была магчымасць паразмаўляць падчас сустрэчы з айцом Даніэлем Анжам, госцем Дзён моладзі. Французскі святар на працягу амаль дзвюх гадзін адказваў на пытанні, якія задавалі яму юнакі і дзяўчаты. Як пераадольваць крызіс веры? Ці магчыма адпачываць без Бога? Што такое шчасце? Як распазнаць сваё пакліканне? Хто такі Бог? Вось некаторыя з тых пытанняў, якія хвалююць каталіцкую моладзь.
Айцец Даніэль Анж, які на працягу трох дзён праводзіў канферэнцыі для моладзі, падчас якіх распавядаў і пра свой жыццёвы шлях, даючы сведчанне веры сваім жыццём, у гаміліі на заканчэнне Дзён моладзі заклікаў юнакоў і дзяўчат да асаблівага сведчання сваёй веры ў сучасным свеце.
Святар распавёў, што менавіта ў ХХ і ХХІ стагоддзі хрысціянства мае такую ж колькасць мучанікаў за веру, як і ў першыя стагоддзі існавання хрысціянства.
Асабліва кранальна гучаў яго аповед пра няпоўнагадовых мучанікаў за веру ў сучасным свеце. Сярод іншага, святар расказаў пра чатырохгадовага хлопчыка, які пад пагрозай смерці адмовіўся адрачыся ад Хрыста, за што і быў забіты.
На заканчэнне Дзён моладзі перад касцёлам моладзь зрабіла супольны фотаздымак разам з айцом Даніэлем і біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, які таксама правёў гэты час разам з моладдзю.