Пошук

20.08.2019 13:26   Паводле: niedziela.pl / Catholic.by
Фота: opoka.news

У Меджугор’е ў Босніі і Герцагавіне прыбывае ўсё больш пілігрымаў. Іх колькасць даходзіць да трох мільёнаў у год, найбольш у летні перыяд. Пра гэта распавёў арцыбіскуп Генрык Хосэр, якога папа Францішак прызначыў спецыяльным Апостальскім візітатарам парафіі ў Меджугор’і.

Як адзначыў у размове з італьянскім агенцтвам SIR польскі арцыбіскуп, чые словы прыводзіць партал niedziela.pl, большасць пілігрымаў паходзіць з Італіі і Польшчы. Гэтае месца наведвае таксама шмат жыхароў Босніі і Герцагавіны, Харватыі і іншых балканскіх краін. Усіх гэтых людзей трэба атачыць апекай, што з’яўляецца таксама вялікім духоўным выклікам. «Мы павінны падрыхтаваць 16 кабін для перакладу падчас набажэнстваў і катэхез», — сказаў арцыбіскуп Хосэр. Акрамя таго, ён дадаў, што з’яўляецца асабіста адказным за душпастырства ў парафіі ў Меджугор’і.

Сёлета на пачатку жніўня ў Меджугор’і адбыўся Х Міжнародны фестываль моладзі з удзелам 50 тысяч маладых людзей з розных краін. Навіной было тое, што тут прысутнічалі 14 кардыналаў, арцыбіскупаў і біскупаў, у тым ліку з Ватыкана.

Васьмідзённая сустрэча пачалася 1 жніўня святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў вікарый Святога Айца для Рыма кардынал Анджэло Дэ Данаціс і якую канцэлебравалі 620 арцыбіскупаў, біскупаў і святароў. Кардынал перадаў сабраным прывітанне ад Папы. Адну з катэхез прамовіў старшыня Папскай рады па справах новай евангелізацыі арцыбіскуп Рыно Фізікелла. Рада, якую ён узначальвае, адказвае між іншым за справы, звязаныя з месцамі пілігрымавання.

Як звярнуў увагу ў сваім пасланні да ўдзельнікаў сустрэчы кардынал Крыстаф Шонбарн, папа Францішак шматразова адзначаў, што «Меджугор’е — благаслаўлёнае месца, у якім Маці Божая так блізка да людзей і ўдзяляе так шмат дапамогі».

Меджугор’е — мэта шматлікіх пілігрымак з часу першых меркаваных аб’яўленняў Панны Марыі ў 1981 г. Кардынал Шонбарн, які наведаў гэтае месца ў 2010 г. з нагоды фестывалю моладзі, у адной з размоваў сказаў, што Марыю з Меджугор’я з самага пачатку — за 10 гадоў да выбуху вайны ў Югаславіі — ушаноўвалі найперш як Каралеву супакою.

«У Меджугор’і стала зразумела, што паяднанне з Богам з’яўляецца ўмовай паяднання між людзьмі»,

— сцвердзіў арцыбіскуп Вены. Разам з тым ён заўважыў, што ў гэтых пасланнях няшмат маральных заклікаў, а хутчэй гэта заклікі да навяртання сэрцаў, бо пры ўмове «ладу ў сэрцы» можна ўпарадкаваць шмат спраў. «Быць можа, нас у Касцёле павінна натхніць гэтая канцэпцыя Марыі», — адзначыў кардынал.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця