Біскуп Петар Паліч, пастыр Мостарска-Дувенскай дыяцэзіі ў Босніі і Герцагавіне, паведаміў, што Меджугор’е захавае свой цяперашні статус парафіі.
Як паінфармавала 21 верасня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, заява біскупа прагучала на прэс-канферэнцыі пасля абвяшчэння ватыканскай Дыкастэрыяй Веравучэння Ноты аб духоўным досведзе, звязаным з Меджугор’ем. Іерарх падкрэсліў, што ў бліжэйшы час не плануецца стварэнне санктуарыя, бо для гэтага патрэбна выкананне пэўных умоваў. Аднак ён адзначыў, што гэтае пытанне застаецца адкрытым.
Біскуп Паліч выдаў дэкрэт, які дазваляе арганізацыю пілігрымак у Меджугор’е. Ён адзначыў, што праз 43 гады надышоў час завяршыць доўгую і складаную гісторыю, звязаную з духоўнымі з’явамі ў гэтым месцы. Важна было прызнаць тое, што з’яўляецца добрым і карысным для вернікаў.
Пастыр дыяцэзіі падкрэсліў, што вернікі не абавязаныя верыць у гэтыя з’явы, бо паўнатой аб’яўлення з’яўляецца Езус Хрыстус.
Ён таксама адзначыў, што пакуль варта разглядаць падзеі ў Меджугор’і як «меркаваныя пасланні» і «меркаваныя аб’яўленні». Біскуп Петар Паліч падзякаваў сваім папярэднікам за іх крытычныя меркаванні, якія дапамаглі захаваць здаровы дух і пабожнасць да Маці Божай.
На думку іерарха, веру трэба будаваць на моцным падмурку Святога Пісання, Традыцыі Касцёла і яго Настаўніцкага Інстытута. Усё астатняе, уключаючы звышнатуральныя з’явы, можа толькі падтрымліваць асабістую веру людзей.