Пошук

20.09.2024 11:55   Vatican News BY
Меджугор’е. Ілюстрацыйнае фота: EPA-EFE / Fehim Demir

19 верасня Дыкастэрыя веравучэння абнародавала дакумент адносна парафіі-санктуарыя Каралевы супакою ў Меджугор’і, якая знаходзіцца ў Мостарскай дыяцэзіі ў Босніі і Герцагавіне і з’яўляецца мэтай мільёнаў пілігрымаў з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі.

З вынікамі працяглага разгляду знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Настаў час завяршыць доўгую і складаную гісторыю адносна духоўных з’яваў у Меджугор’і», — такімі словамі пачынаецца нота «Каралева супакою», падпісаная кардыналам Віктарам Мануэлем Фэрнандэсам, Прэфектам Дыкастэрыі Веравучэння.

У тэксце, ухваленым Святым Айцом Папам Францішкам, не гаворыцца пра звышнатуральны характар з’яваў у Меджугор’і, але прызнаюцца шматлікія духоўныя плёны, звязаных з гэтым месцам, і дазваляецца публічнае набажэнства. Адносна пасланняў у цэлым утрымліваецца станоўчае суджэнне, хоць і з некаторымі ўдакладненнямі адносна асобных выразаў.

Добры плён

У дакуменце заўважаецца, што Меджугор’е з’яўляецца мэтай пілігрымак з усяго свету.

Добрымі плёнамі, звязанымі з гэтым месцам, сталі ў першую чаргу «спрыянне здаровай практыцы жыцця верай» згодна з традыцыяй Касцёла, шматлікія навяртанні людзей, якія адкрылі ці нанава адшукалі для сябе веру, зварот людзей да споведзі і сакрамэнтральнай Камуніі, шматлікія пакліканні, прымірэнні паміж сужонкамі, абнаўленні сужэнскага і сямейнага жыцця і нават аздараўленні.

Парафія ў Меджугор’і — гэта месца адарацыі, малітвы, правядзення семінараў, рэкалекцый, сустрэч моладзі. З ёй звязана ўзнікненне дабрачынных ініцыятываў на карысць сіротаў, нарказалежных, людзей з інваліднасцю. Гэта месца наведваюць нават групы праваслаўных вернікаў і мусульманаў.

Пасланне міру

Прааналізаваўшы пасланні, звязаныя са з’явамі ў Меджугор’і, Дыкастэрыя Веравучэння адзначае, што адно з іх — гэта пасланне міру, які разумеецца не толькі як адсутнасць вайны, але таксама ў духоўным, сямейным і грамадскім сэнсе.

Адзначаецца, што Багародзіца называе сябе менавіта Каралевай супакою.

Гаворка ідзе пра супакой як плён жыцця міласэрнай любоўю, «якая прадугледжвае таксама любоў да некатолікаў». Гэты аспект можна лепш зразумець «у экуменічным і міжрэлігійным кантэксце Босніі, пазначаным жахлівай вайной з моцнымі рэлігійнымі складанымі».

Бог у цэнтры

Адзначаецца, што ў пасланнях часта гучыць заклік цалкам даверыцца Богу, які з’яўляецца любоўю.

«Мы можам вылучыць ядро пасланняў, у якіх Багародзіца не ставіць саму сябе ў цэнтр, а выяўляецца напоўніцу скіраванай да адзінства з Богам», — падкрэсліваецца ў ноце.

Акрамя таго, «заступніцтва і дзейнасць Марыі выглядаюць выразна падпарадкаванымі Езусу Хрысту як крыніцы ласкі і збаўлення кожнага чалавека».

Заклік да навяртання

У пасланнях утрымліваецца таксама «пастаянны заклік пакінуць лад жыцця гэтага свету і празмерную прывязанасць да зямных дабротаў; ёсць частыя заклікі да навяртання, якое робіць магчымым сапраўдны мір у свеце».

Здаецца, што навяртанне — цэнтральнае пасланне Меджугор’я.

Прысутнічаюць таксама «настойлівыя заахвочванні не недаацэньваць цяжар зла і граху» і сур’ёзна ставіцца да закліку Бога змагацца супраць зла. У пасланнях фундаментальнае значэнне надаецца ролі малітвы і посту, адзначаецца цэнтральная роля Імшы і пошуку канчатковага сэнсу існавання ў вечнымі жыцці.

Неабходныя ўдакладненні

У другой частцы дакумента падкрэсліваецца, што пры частковым прачытанні некаторыя пасланні могуць здавацца «звязанымі з заблытаным чалавечым досведам», але прычыны гэтых некаторых памылак могуць быць не ў дрэнных намерах, а ў «суб’ектыўным разуменні феномену».

У некаторых выпадках «здаецца, што Маці Божая выражае пэўнае раздражненне з-за таго, што некаторыя Яе ўказанні не былі выкананы, таму Яна папярэджвае аб пагрозлівых знаках і магчымасці таго, што больш не з’явіцца». Але, насамрэч, іншыя пасланні прапануюць правільную інтэрпрэтацыю:

«Тыя, хто дае катастрафічныя прадказанні — фальшывыя прарокі. Яны кажуць: „У такі год, у такі дзень адбудзецца катастрофа“. Я заўсёды казала, што пакаранне прыйдзе, калі свет не навернецца. Таму запрашаю ўсіх да навяртання» (15.12.1983).

Настойлівасць на пасланнях

Таксама ёсць пасланні для парафіі ў Меджугор’і, у якіх Багародзіца, здаецца, жадае кантраляваць дэталі духоўнага і пастырскага шляху. У іншых выпадках Маці Божая настойліва «дае распараджэнні адносна дат, месцаў, практычных аспектаў і прымае рашэнні адносна звычайных пытанняў». На самай жа справе Багародзіца сама рэлятывізуе ўласныя пасланні, падпарадкоўваючы іх «недасяжнай каштоўнасці Слова, адкрытага ў Святым Пісанні»:

«Не шукайце нечага надзвычайнага, але бярыце Евангелле, чытайце яго і ўсё вам стане зразумела» (12.11.1982).

У дакуменце Дыкастэрыі веравучэння да праблематычных адносяцца таксама пасланні, у якіх Маці Божая карыстаецца выразамі «мой план», «мая задума», «якія могуць выклікаць блытаніну», бо «усё што робіць Марыя заўсёды служыць задуме Пана». Нельга рабіць памылку, надаючы Марыі «адзінае і выключнае месца Божага Сына».

Публічнае набажэнства дазволена

Нават калі гэта не азначае абвяшчэння звышнатуральнасці, прычым выразна нагадваецца, што ніхто не абавязаны ў верыць у гэтыя аб’яўленні, дэкрэт nihil obstat (няма перашкод), выдадзены біскупам Мостара са згоды Святога Пасаду, указвае, што вернікі «могуць атрымліваць станоўчы стымул для іх хрысціянскага жыцця праз гэту духоўную прапанову і дазваляе публічнае набажэнства».

У дакуменце Дыкастэрыі Веравучэння ўдакладняецца таксама, што станоўчая ацэнка большасці пасланняў Меджугор’і «не азначае сцвярджэння таго, што яны маюць прамое звышнатуральнае паходжанне».

Апостальская Сталіца запрашае ўсіх, хто скіроўваецца ў Меджугор’е, «прыняць, што пілігрымкі здзяйсняюцца не для таго, каб сустрэцца з меркаванымі візіянерамі, але каб сустрэцца з Марыяй, Каралевай супакою».

Абноўлена 23.09.2024 10:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа