Пошук

11.04.2019 15:05   Паводле: Deon.pl / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by

У эсэ, якое выйшла ў свет 11 красавіка, Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI прадставіў свае разважанні на тэму сексуальных злачынстваў у Касцёле.

«Сёння абвінавачванне супраць Бога датычыць перш за ўсё акрэслення Яго Касцёла як цалкам няправільнага і тым самым адцягвання нас ад Касцёла. Ідэя лепшага Касцёла, створанага намі самімі, з’яўляецца па сутнасці прапановай д’ябла, якой ён хоча адцягнуць нас ад жывога Бога праз ілжывую логіку, дзякуючы якой нас сёння вельмі лёгка ашукаць», — напісаў Бэнэдыкт XVI у эсэ «Касцёл і скандал сексуальнага выкарыстання», якое цытуе Deon.pl,

Патрэба ў новым пачатку

Бэнэдыкт XVI пачынае сваё эсэ з акрэслення кантэксту яго ўзнікнення. Ён піша, што крызіс, які закрануў Касцёл у сувязі з выяўленнем сексуальных злачынстваў, здзейсненых святарамі, прымусіў некаторых засумнявацца ў прысутнасці веры ў Касцёле. Неабходна было заняць рашучую пазіцыю, звярнуцца з моцным пасланнем і шукаць новы пачатак, каб зрабіць Касцёл зноў праўдзівым як «святло для людзей і сілу ў служэнні супраць сіл знішчэння».

«Паколькі я нёс адказнасць пастыра Касцёла ў час публічнага выбуху крызісу і ў ходзе яго нарастання, мусіў задаць сабе пытанне: нават калі я як пенсіянер больш не з’яўляюся непасрэдна адказным, што з перспектывы часу магу ўнесці ў новае адкрыццё?» — адзначае Бэнэдыкт XVI.

Па яго словах, сход старшыняў епіскапатаў, якіх сабраў у Ватыкане папа Францішак напрыканцы лютага, быў часам, калі ён рабіў для сябе нататкі да тэксту, якім мог бы дапамагчы Касцёлу ў гадзіну выпрабавання.

Ён скантактаваўся з Дзяржаўным сакратаром кардыналам П’етро Паралінам і папам Францішкам і вырашыў апублікаваць гэты тэкст у нямецкім часопісе для святароў Klerusblatt.

Тэкст падзелены на тры часткі. Першая акрэслівае кантэкст рэвалюцыйных зменаў канца 1960-х гадоў і крызісу маральнай тэалогіі. Другая ўказвае, якім чынам гэта паўплывала на фармацыю святароў і на іх жыццё. Трэцяя — самая важная — прадстаўляе перспектывы навяртання і выпраўлення Касцёла.

Маральны крызіс закрануў таксама Касцёл

«Не, нават сёння Касцёл складаецца не толькі з сапсаваных рыб і пустазелля, — падкрэслівае Пантыфік на пенсіі. — Божы Касцёл існуе таксама сёння, і сёння гэта менавіта прылада, праз якую Бог нас збаўляе».

На думку Бэнэдыкта XVI, крызіс, звязаны з сексуальным выкарыстаннем у Касцёле, трэба разумець у больш шырокім грамадскім кантэксце. Ён заўважае, што «ў 60-я гады [XX стагоддзя] здарылася штосьці вельмі сур’ёзнае, у нябачаным дагэтуль маштабе <…>. Ранейшыя нормы, якія датычыліся сексуальнасці, цалкам змяніліся, і ўзніклі новыя стандарты».

«Гэта быў у розных сэнсах вельмі складаны час», — піша аўтар, дадаючы, што так званая сексуальная рэвалюцыя прывяла да «вялікага пералому ў наступным пакаленні святароў», а наступствам гэтых падзей было шмат выпадкаў сыходу са святарскага стану.

Бэнэдыкт XVI апісвае выпадак адной з нямецкіх семінарый, дзе мясцовы біскуп (які раней быў рэктарам семінарыі) «праводзіў паказы парнаграфічных фільмаў» (яго намерам было тое, каб будучыя святары маглі супрацьстаяць «паводзінам, якія не адпавядаюць веры»).

Адначасова, але незалежна ад гэтага, «каталіцкая маральная тэалогія апынулася ва ўпадку, які зрабіў Касцёл безабаронным перад гэтымі зменамі ў грамадстве». Па словах Пантыфіка на пенсіі, адказам на «крызіс маральнай тэалогіі» была энцыкліка  св. Яна Паўла ІІVeritatis Splendor.

«Існуе маральны мінімум, які непарыўна звязаны з асноўнымі прынцыпамі веры і які трэба абараняць, калі вера не павінна быць зведзена да тэорыі», — падкрэслівае аўтар.

Недастатковая рэакцыя Касцёла

Бэнэдыкт XVI разважае таксама пра рэакцыю Касцёла на выпадкі педафіліі сярод святароў, заўважаючы, што Кодэкс кананічнага права 1983 г. «не здаваўся дастатковым для выкарыстання неабходных сродкаў» і што з часам «пачалося аднаўленне і паглыбленне слаба сканструяванага крымінальнага права».

Па яго словах, сярод курыяльных прававедаў адбываліся дыскусіі, як трактаваць святароў-злачынцаў.

Ён апісвае праблему «гарантызму» — падыходу некаторых касцёльных прававедаў, які засноўваўся перш за ўсё на абароне правоў абвінавачаных і які — на думку Папы — прывёў да сітуацый, калі «асуджэнне было практычна немагчымым».

Далей Бэнэдыкт XVI разважае над словамі Хрыста: «А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш павесіць на шыю млынавы камень і патапіць у марской глыбіні» ( 18, 6).

Выраз «малыя» на мове Езуса азначае звычайных вернікаў, якія могуць засумнявацца ў веры пад уплывам інтэлектуальнай высакамернасці тых, якія лічаць сябе мудрымі», падкрэслівае аўтар. Тут «Езус аберагае залог веры рашучай пагрозай кары для тых, якія чыняць крыўду».

«Таму ўраўнаважанае кананічнае права, якое адпавядае ўсяму пасланню Езуса, павінна не толькі ствараць гарантыю для абвінавачаных, але і павага да іх з’яўляецца прававым дабром. Яно павінна таксама аберагаць веру», — адзначае Папа на пенсіі.

Адказ Кангрэгацыі Веравучэння

Таму, як піша Бэнэдыкт XVI, важнае «не толькі права абвінавачанага» і не толькі яно патрабуе гарантыі. «Вялікія каштоўнасці, такія, як вера, таксама важныя», — заўважае ён, дадаючы, што Ян Павел ІІ спецыяльна перадаў справы, звязаныя з сексуальнымі злачынствамі святароў, у кампетэнцыю Кангрэгацыі Веравучэння (прэфектам якой тады быў кардынал Ёзаф Ратцынгер).

Дзякуючы гэтаму, працягвае аўтар, было магчымым вынясенне для абвінавачаных «максімальнага вымярэння кары» і «правядзенне сумленных працэсаў».

Таму, па словах Бэнэдыкта XVI, «належным чынам сфармаванае кананічнае права павінна даваць падвойную гарантыю — абарону права абвінавачанага, [aле таксама] абарону каштоўнасці, якая тут закранаецца». «У агульнай свядомасці права вера ўжо не мае рангу каштоўнасці, якая патрабуе абароны. Гэта сітуацыя, якая непакоіць і якую душпастыры Касцёла павінны разгледзець сур’ёзна», — адзначае ён.

Адначасова аўтар падкрэслівае, што перадача Кангрэгацыі Веравучэння замест Кангрэгацыі па справах Духавенства кампетэнцыі ў разглядзе выпадкаў педафіліі сярод святароў з’яўляецца наступствам таго, як Касцёл разумее значэнне веры. «На самай справе важна ўбачыць, што дрэнныя дзеянні духоўных асобаў канчаткова нішчаць веру», — заўважае Пантыфік на пенсіі.

Эўхарыстыя і любоў — адказ на крызіс

Па словах Бэнэдыкта XVI, адзіны шлях да пераадолення крызісу — «паслухмянасць і любоў да нашага Пана Езуса Хрыста».

«Пан паклаў пачатак гісторыі любові да нас і хоча ахапіць ёю ўсё стварэнне. Супрацьстаянне злу, якое пагражае нам і ўсяму свету, можа канчаткова засноўвацца толькі на ўваходзе ў гэтую любоў. Гэта сапраўднае супрацьстаянне злу», — піша ён, указваючы адначасова, што моц зла паходзіць «з нашага адмаўлення любіць Бога».

«Найважнейшая задача, якая павінна вынікаць з маральных узрушэнняў нашых часоў, — гэта тое, што мы самі нанава пачнем жыць у Богу і для Яго. Найперш мы самі павінны навучыцца нанава распазнаваць Бога як аснову нашага жыцця, замест таго, каб пакідаць Яго ўбаку», — сцвярджае Бэнэдыкт XVI, падкрэсліваючы, наколькі важнае прызнанне таямніцы Уцелаўлення і прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі.

«Другі Ватыканскі Сабор быў правільна сканцэнтраваны на вяртанні гэтага сакрамэнту Прысутнасці Цела і Крыві Хрыста ў цэнтр хрысціянскага жыцця і самога існавання Касцёла. Часткова так сапраўды адбылося, і мы павінны быць за гэта ўдзячныя Пану», — кажа аўтар.

Аднак, па яго словах, «распаўсюджаны зусім іншы падыход». «Пераважае не пашана да смерці і ўваскрасення Хрыста, а такі спосаб паводзінаў з Ім, які знішчае веліч Таямніцы», — падкрэслівае Папа на пенсіі, указваючы на ўсё меншы ўдзел веруючых католікаў у нядзельнай Імшы і разуменне Эўхарыстыі як «звычайнага рытуальнага жэсту».

«Нам не патрэбны іншы Касцёл па нашым уласным праекце, — піша Бэнэдыкт XVI. — Замест гэтага найперш патрабуецца аднаўленне веры ў сапраўдную прысутнасць Езуса Хрыста, дадзеную нам у Найсвяцейшым Сакрамэнце».

Сустрэча з ахвярамі педафіліі

Як кажа Пантыфік на пенсіі, ён усвядоміў гэта падчас размоваў з асобамі, якія сталі ахвярамі сексуальнага выкарыстання з боку святароў. «Маладая жанчына, якая была міністранткай, распавяла мне, што святар, яе кіраўнік як міністранткі, заўсёды пачынаў акты сексуальнага насілля над ёю словамі: „Гэта маё цела, якое будзе за цябе выдадзена“», — узгадвае аўтар.

«Відавочна, што гэтая жанчына не можа ўжо чуць саміх словаў пасвячэння без паўторнага перажывання жахлівых пакутаў, якія яе мучаць. Так, мы павінны тэрмінова прасіць Пана аб прабачэнні, — працягвае Бэнэдыкт XVI. — Мы павінны прасіць Яго, каб Ён нас усіх навучыў нанава зразумець веліч Яго цярпення, Яго ахвяры. І павінны зрабіць усё, што ў нашай моцы, каб абараніць дар Святой Эўхарыстыі ад злачынстваў».

«У працэсе супраць д’ябла Езус Хрыстус — першы і фактычны Сведка Бога, першы Мучанік, якому з таго часу спадарожнічалі незлічоныя іншыя», — адзначае Пантыфік на пенсіі, дадаючы, што такіх сведкаў мы можам знайсці і сёння. Сведкаў, «якія змагаюцца за Бога сваім жыццём і цярпеннем. Інертнасць сэрца вядзе нас да таго, што мы не хочам іх распазнаць. Адной з вялікіх і важных задач нашай цывілізацыі з’яўляецца, наколькі гэта магчыма, устанаўленне месцаў прабывання веры, а найперш іх знаходжанне і прызнанне», — падсумоўвае Бэнэдыкт XVI.

На заканчэнне ён дзякуе папу Францішку за тое, «што паказвае нам зноў і зноў; што паказвае нам святло Бога, якое не згасла, нават сёння». «Дзякуй табе, Ойча Святы», — піша аўтар.

Эсэ Бэнэдыкта XVI было апублікавана адначасова на нямецкай мове ў часопісе Klerusblatt і на італьянскай і англійскай у Corriere della Sera.

Абноўлена 18.07.2019 13:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця