Пошук

25.02.2019 13:42   Тэкст: Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч / Catholic.by

З 21 па 24 лютага ў Ватыкане праходзіла сустрэча, прысвечаная праблеме абароны непаўнагадовых у Каталіцкім Касцёле. Пра сустрэчу i яе вынікі распавядае старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які браў у ёй удзел.

Напрыканцы мінулага тыдня ў Ватыкане адбылася сустрэча, прысвечаная праблеме абароны непаўнагадовых у Каталіцкім Касцёле. На сустрэчу, якую СМІ назвалі «самітам», сабраліся старшыні Канферэнцый біскупаў з усяго свету, кіраўнікі шэрагу ватыканскіх дыкастэрый, прадстаўнікі манаскіх кангрэгацый і эксперты — усяго 190 удзельнікаў. Імі абмяркоўвалася вельмі вострая для Касцёла праблема абароны непаўнагадовых.

Сам факт правядзення падобнага форуму з’яўляецца знакавым і сведчыць аб тым, што Касцёл не пускае праблему «на самацёк», а актыўна рэагуе з мэтай яе вырашэння.

Працы ў Ватыкане праходзілі паводле наступнай схемы. 21–23 лютага пасяджэнні распачыналіся супольнай малітвай у 9.00.

Пасля малітвы адбываліся сведчанні непаўнагадовых ахвяраў сексуальнага выкарыстання духоўнымі асобамі. Яны былі такімі моцнымі і ашаламляльнымі, што выклікалі вялікую ўзрушанасць.

Немагчыма нават уявіць, колькі маральных сіл каштавала гэтым ужо дарослым людзям вярнуцца ў сваё знішчанае дзяцінства і сведчыць аб гэтым. Некаторыя прамаўлялі, стрымліваючы слёзы.

Потым мелі месца дзве прэзентацыі, пасля чаго адбывалася праца ў моўных групах, якіх было 11: 4 англійскіх, 3 італьянскіх і па 2 іспанскіх і французскіх.

Пасля абеду была яшчэ адна прэзентацыя і праца ў моўных групах, пасля чаго дакладчык з кожнай групы прадстаўляў яе працу. Дзень завяршаўся супольнай малітвай.

Усяго было прадстаўлена 9 прэзентацый, 3 з якіх былі прамоўлены жанчынамі.

Заключным пунктам перадапошняга дня форуму, 23 лютага, стала пакутнае набажэнства, на якое сабраліся ўдзельнікі сустрэчы. «Саміт» завяршыўся 24 лютага Эўхарыстыяй, цэлебрацыю якой узначаліў папа Францішак.

Пасля Імшы Святы Айцец выступіў са словам, у якім заклікаў да комплекснай барацьбы з выкарыстаннем непаўнагадовых.

Галоўнымі вынікамі і адначасова дасягненнямі беспрэцэдэтнай сустрэчы біскупаў можна назваць наступныя:

– Касцёл цешыцца, што абсалютная колькасць духоўных асобаў з’яўляецца вернай свайму пакліканню, і шчыра дзякуе ім за ахвярнае служэнне, але тым не менш афіцыйна прызнае свае занядбанні ў справах абароны непаўнагадовых, якія пацярпелі ад духоўных асобаў, і просіць прабачэння ў ахвяраў.

– Хоць феномен педафіліі, які мае паўсюдны і даўні характар, напоўніў сучасны свет і нярэдка звязаны з культурай, аднак афіцыйная статыстыка паказвае, што тымі, хто найчасцей фізічна, сексуальна і эмацыйна выкарыстоўвае непаўнагадовых, з’яўляюцца бацькі, блізкія, трэнеры, выхаваўцы і т.п.

Паводле праведзеных у 2017 г. у 28 краінах даследаванняў Міжнароднага надзвычайнага дзіцячага фонду (UNICEF), з 10 дзяцей, якія былі выкарыстаны сексуальна, 9 сталі ахвярамі блізкіх ці знаёмых людзей.

У Італіі ў 2016 г. каля 70% злачынстваў з непаўнагадовымі было здзейснена ў хатняй атмасферы.

Абшар такіх злачынных дзеянняў значна шырэйшы і ўключае ў сябе таксама школу і спартыўныя секцыі. Здзяйсняюцца яны, акрамя таго, выхаваўцамі і нянямі. У апошнія гады ўсё больш рапаўсюджваецца парнаграфія, секс-турызм, выкарыстанне дзяцей у ваенных дзеяннях.

На долю Касцёла прыходзіцца каля 2% такіх злачынстваў. Усё гэта, аднак, не здымае адказнасці з Касцёла за грахі педафіліі, бо не адпавядае яго маральнаму аўтарытэту і падрывае давер да яго ў этычных пытаннях.

– Галоўнай прычынай паталогіі выкарыстання непаўнагадовых з’яўляецца духоўны крызіс, культура маўчання, неадпаведная выклікам часу фармацыя кандыдатаў да святарства, асабліва чалавечая і духоўная, а таксама феномен клерыкалізму, які ставіць духоўную асобу вышэй за іншых.

Прызнанне гэтай паталогіі і прыняцце канкрэтных крокаў для яе лячэння з’яўляецца ўмовай для ачышчэння Касцёла, аднаўлення яго маральнага аўтарытэту і даверу да яго.

– Рэвалюцыя Каперніка заключаецца ў навуковым сцвярджэнні таго, што не сонца абарачаецца вакол зямлі, а зямля вакол сонца. Падобная рэвалюцыя адбываецца ў наш час у Касцёле адносна праблемы злоўжывання адносна непаўнагадовых у духоўным асяроддзі, што пацвярджае «саміт» біскупаў.

Эра «культуры маўчання» завяршылася: кожны выпадак павінен быць даследаваны і павінны быць зроблены адпаведныя высновы ажно да кананічнага пакарання.

– Прынцып «нулявой талерантнасці» — поўнага непрымання ў адносінах да выкарыстання непаўнагадовых — не можа заставацца толькі дэкларацыяй, але павінен быць захаваны ў справах расследавання такога тыпу злачынстваў.

– Пры расследаванні выпадкаў выкарыстання непаўнагадовых неабходна шырэй карыстацца дапамогай свецкіх экспертаў.

– Для вырашэння праблемы абароны непаўнагадовых трэба таксама шырэй задзейнічаць прынцып калегіяльнасці і сінадальнасці Касцёла.

– Настаў час як мага хутчэй апрацаваць дапаможнік для правядзення расследаванняў у справе злоўжыванняў у адносінах да непаўнагадовых.

– Неабходна супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі правапарадку, бо ў такіх выпадках гаворка ідзе не толькі пра грэх, але і пра цяжкае злачынства.

– Статыстыка паказвае, што за апошняе дваццацігоддзе, калі Касцёл пачаў больш актыўна займацца праблемай насілля над непаўнагадовымі і прымаць адпаведныя меры з мэтай яе вырашэння, колькасць падобных выпадкаў з боку духоўных асобаў заўважна зменшылася.

– Аднак праблемы яшчэ застаюцца, і неабходна шукаць шляхоў іх вырашэння.

У сваёй заключнай прамове папа Францішак прадставіў праграму дзейнасці Касцёла з мэтай эфектыўнага супрацьстаяння злоўжыванням з боку духоўных асобаў.

Для гэтага найперш неабходна выпрацаваць адпаведныя дырэктывы, пазбягаючы дзвюх недапушчальных крайнасцяў: схільнасці да самаапраўдання і няздольнасці бачыць прычыны і наступствы гэтых злачынстваў «самаабароны».

– З улікам вышэйсказанага заканадаўчая дзейнасць Касцёла ў гэтай галіне павінна ажыццяўляцца ў наступных вымярэннях. У аснову трэба пакласці прынцып, што абарона дзяцей ад любой формы насілля павінна быць першаснай мэтай кожнай меры, якая прадпрымаецца Касцёлам.

Для гэтага патрэбная змена менталітэтy і адыход ад абаронча-нападніцкай пазіцыі з мэтай пошуку супольнага дабра.

Акрамя таго, неабходна рашучасць у расследаванні злачынства, каб з бездакорнай сур’ёзнасцю разглядаць кожны выпадак сексуальнага насілля; імкненне да ачышчэння праз прызнанне сваёй віны; адпаведны падбор і фармацыя кандыдатаў да святарства; суправаджэнне ахвяраў выкарыстання непаўнагадовых, якія потым самі часта крыўдзяць іншых; такое выхаванне падлеткаў, моладзі, семінарыстаў і духоўных асобаў, якое не дазволіць ім стаць нявольнікамі віртуальных формаў сексуальнага злоўжывання.

Таксама і дзяржаўныя ўлады са свайго боку павінны супрацьстаяць гандлю і іншым формам эканамічнага злоўжывання дзецьмі і выпрацоўваць адпаведныя юрыдычныя сістэмы для іх абароны ад секс-турызму і гандлю людзьмі.

Сусветны «саміт» біскупаў, які стаў знакавай падзеяй у жыцці Касцёла, ужо пакінуў свой заўважны след у яго сучаснай гісторыі і стаў адказам на выклікі нашага часу ў галіне абароны непаўнагадовых.

Гэта павінна паспрыяць духоўнаму аздараўленню Касцёла, каб ён быў сапраўднай радасцю і надзеяй грамадства і ўспрымаўся людзьмі як сакрамэнт паўсюднага збаўлення.

Абноўлена 29.03.2019 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа