«Падчас нядаўняга візіту ў Ларэта Папа не хацеў, каб вернікі цалавалі яго ў пярсцёнак, з меркаванняў гігіены», — паведаміў са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Святога Пасаду партал Deon.pl.
Падчас сустрэчы з журналістамі, якая 28 сакавіка адбылася ў Ватыкане, часова выконваючы абавязкі кіраўніка прэс-службы Святога Пасаду Алессандро Джызоцці пракаментаваў нежаданне Святога Айца, каб у Ларэта яму цалавалі пярсцёнак. Гэты выпадак, які ў многіх выклікаў непаразуменне, шырока разышоўся па сеціве і абмяркоўваўся ў СМІ.
Алессандро Джызоцці паведаміў, што задаў папу Францішку пытанне адносна гэтага. Святы Айцец адказаў, што паступіў так з меркаванняў гігіены.
Пры гэтым кіраўнік прэс-службы адзначыў, што гаворка ішла не пра самога Папу, а што ён проста «не жадаў, каб людзі адзін ад аднаго заразіліся».
Пры гэтым ён удакладніў, што чарга да Святога Айца ў Ларэта была сапраўды даволі вялікай.