Пошук

28.03.2019 14:08   Паводле: Deon.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Гжэгажа Галонзкі / galazka.deon.pl

Відэа, на якім відаць, як папа Францішак у Ларэта не дае цалаваць сябе ў руку, абляцеў інтэрнэт і СМІ, выклікаўшы непаразуменне і спрэчкі. Як зразумець паводзіны Святога Айца?

Як зазначае а. Эрык Сандрап SI у артыкуле, змешчаным на партале польскага езуіцкага выдавецтва WAM Deon.pl, дыпламатычныя пратаколы таксама перажываюць эвалюцыю. Гэтыя змены цяжка зразумець, тым больш, што большасці людзей нячаста даводзіцца сустракацца з уладарным манархам або Папам. Як было відаць у апошнія дні, старыя ўяўленні складана пераадолець, нават калі Папа стараецца ў гэтым пытанні ісці ў нагу з часам.

Гэта факт, што папу Францішку не падабаецца цалаванне рук і пярсцёнка, але насамрэч у гэтай справе ён трымаецца таго, што на гэты конт лічылі таксама яго папярэднікі — св. Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI.

Да Другога Ватыканскага Сабору ў большасці краін згодна са звычаем святары і свецкія асобы цалавалі пярсцёнак біскупа пры прывітанні на знак пашаны і паслухмянасці.

Але часы змяняюцца, і сёння гэты жэст можа ўспрымацца таксама як праява клерыкалізму і сувязі з зямной уладай. Папа Францішак, як і папа Бэнэдыкт XVI, спрабавалі адмаўляцца ад гэтай практыкі пры прыёме гасцей, прычым сённяшні Папа непрыхільна ставіўся да яе яшчэ будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.

Як паведаміў журналіст Пітэр Сіўалд (Peter Seewald) у інтэрв’ю «Святло свету», папа Бэнэдыкт XVI сапраўды адмяніў традыцыю цалавання Папы ў руку, «хоць ніхто не прытрымліваўся новага пратаколу».

Амерыканскі журналіст-ватыканіст Джэрард О’Конэл у сваю чаргу зазначае, што калі кардыналы выказвалі сваю паслухмянасць пасля абрання на канклаве папы Францішка, ён стараўся ўстрымаць іх ад пацалунку яго далоні або пярсцёнка і сам пацалаваў рукі кардыналаў з В’етнама і Кітая на знак пашаны да іх сведчання ва ўмовах рэлігійнага пераследу.

Фота asianews.it

Звычай ушанавання Папы праз пацалунак пярсцёнка развіўся ў сувязі з традыцыяй т.зв. «пярсцёнка рыбака», які Пантыфік носіць на правай руцэ.

Пярсцёнак адначасова з’яўляўся пячаткай-сыгнетам, якой прыблізна з пачатку ХІІІ ст. змацоўваліся папскія дакументы. Гэта дапамагала прасачыць, ці сакрэтныя дакументы не ўскрываліся пабочнымі асобамі падчас іх дастаўкі адрасату. Са з’яўленнем сучасных сродкаў камунікацыі звычай апячатвання воскам і сургучом лістоў і дакументаў выйшаў з ужытку.

У адпаведнасці з першапачатковым звычаем, перадусім з практычнымі мэтамі, пярсцёнак рыбака пасля смерці Папы знішчаўся: ў прысутнасці кардыналаў яго разбівалі спецыяльным цырыманіяльным малатком. Калі на пасад св. Пятра ўступаў новы Папа, яму ўручалі новы пярсцёнак.

Фота it.fehrplay.com

Падобныя традыцыі і цырымоніі былі дастаткова распаўсюджанымі ў Сярэднявеччы пры манаршых дварах ва ўсёй Еўропе. Яшчэ адной агульнапрынятай у тыя часы практыкай было цалаванне пярсцёнка манарха на знак павагі да пасады і ўлады, якую ён здзяйсняў.

Падобным чынам у тыя ж часы ўзнікла і традыцыя цалаваць далонь Папы і пярсцёнак рыбака.

Прычым гэты звычай не абмяжоўваўся толькі Святым Айцом: таксама і біскупы падчас пасвячэння атрымлівалі адпаведны пярсцёнак.

Аднак вялікі пярсцёнак з пячаткай-сыгнетам для апячатвання дакументаў даволі непрактычны і нязручны для нашэння на пальцы.

Фота AP

Хоць папа Бэнэдыкт XVI зазвычай штодзённа насіў пярсцёнак рыбака, аднак ужо даволі даўно гэта перастала быць нормай.

Інакш кажучы, нават калі госці падыходзяць, каб пацалаваць Папу ў руку, хутчэй за ўсё, на ёй няма пярсцёнка рыбака.

Шматлікія Папы карысталіся іншым пярсцёнкам, больш зручным для таго, каб насіць яго штодзённа. Так, св. папа Павел VI зазвычай насіў пярсцёнак Другога Ватыканскага Сабору з выяваю крыжа, Езуса, Пятра і Паўла.

Папа Францішак, паводле ўсё таго ж Джэрарда О’Конэла, накладае пярсцёнак рыбака толькі на некаторыя ўрачыстасці.

Цалаванне Папы ў руку — гэта не адзіная манаршая традыцыя, якая стала часткай папскага пратаколу і сёння паступова выходзіць з ужытку.

Таксама цырымонія каранацыі трохвянцовай каронай — тыярай — на працягу стагоддзяў была неад’емнай часткай інтранізацыі новага Папы. Ян Павел І і Ян Павел ІІ адмовіліся ад гэтай цырымоніі, а папа Бэнэдыкт XVI пайшоў яшчэ далей, наогул прыбраўшы выяву тыяры з папскага герба.

Абноўлена 28.03.2019 17:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця