17 снежня Папская рада па культуры абнародавала інструкцыю пад назвай «Закрыццё і новае касцёльнае выкарыстанне святыняў» (La dismissione e il riuso ecclesiale di chiese).
Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, дакумент стаў вынікам Міжнароднай канферэнцыі пад назвай «Бог тут больш не жыве?», якая праходзіла 29–30 лістапада ў Папскім грыгарыянскім універсітэце. Інструкцыя была ўхвалена прадстаўнікамі епіскапатаў з розных кантынентаў.
Дакумент складаецца з пяці радзелаў, а напрыканцы ўтрымлівае адзінаццаць рэкамендацый. Ён прадугледжвае фармацыю будучых святароў і новапрызначаных біскупаў у галіне аховы культурнай спадчыны, інвентарызацыю і каталагізацыю касцёльных культурных каштоўнасцяў, удзел мясцовых касцёльных супольнасцяў у праектах змены прызначэння святыняў, дыялог з дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі.
Інструкцыя падкрэслівае, што перавага заўсёды павінна надавацца культурным, сацыяльным і дабрачынным мэтам. Выключаецца камерцыйнае выкарыстанне касцёльных каштоўнасцяў.
Старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранко Равазі ў каментары інфармацыйнаму агенцтву SIR заўважыў, што ў сучасную эпоху цэнтры еўрапейскіх гарадоў перастаюць быць густанаселенымі, становячыся месцамі канцэнтрацыі рознага кшталту структур.
У Рыме не выкарыстоўваецца больш за палова касцёлаў, якія знаходзяцца ў гістарычным цэнтры Вечнага горада. «Але мы не можам зрабіць з іх музеі ці штосьці яшчэ, бо яны маюць сімвалічнае значэнне для горада і для ўсяго свету», — падкрэсліў іерарх.
Паводле яго, такую «высакародную» спадчыну належыць зберагчы і ахоўваць у такім выглядзе, які яна мае, нават калі яна больш не выкарыстоўваецца для літургічных мэтаў. У выпадку «закінутых» будынкаў ці пазбаўленых такога сімвалізму, дэсакралізацыя з’яўляецца правамернай.
Тое, што заўсёды недапушчальнае — гэта апаганьванне, падкрэсліў кардынал.
«Вернікаў не павінен абураць той факт, што гэтыя месцы празначаюцца для несакральнага выкарыстання, пры ўмове, што гэта не будзе ў дысанансе з першапачатковым прызначэннем святыні: у якасці музеяў, бібліятэк, архіваў, культурных цэнтраў, месцаў сустрэчы грамадзянскай супольнасці, а таксама для дабрачынных мэтаў», — сказаў кардынал Равазі. «Я маю на ўвазе абеды для бедных, якія праводзяцца ў базыліцы св. Эўстахія, ці тыя, якія „Супольнасць св. Эгідыя“ арганізуе ў базыліцы Санта-Марыя-ін-Трастэвэрэ з нагоды Божага Нараджэння», — дадаў ён.
Старшыня Папскай рады па культуры зазначыў, што падобныя ініцыятывы не з’яўляюцца прафанацыяй, але, хутчэй, «часовай дэсакралізацыяй», якая, тым не менш, захоўвае сувязь з літургіяй у поўным значэнні гэтага слова. Ён нагадаў, што літургія з’яўляецца як сустрэчай з Богам у якасці першай мэты, так і сустрэчай вернікаў паміж сабой.
«Божы культ, абвяшчэнне Евангелля і справы міласэрнасці: у літургіі прысутнічае не толькі вертыкальнае вымярэнне, але таксама гарызантальнае. Таму „іншае“ прызначэнне, якое, аднак, датычыцца супольнасці, з’яўляецца часткай духа літургіі: гэта своеасаблівая пара-літургія, спаўненне літургіі ў іншай форме», — звярнуў увагу іерарх.
«Нарэшце, св. Францішак сцвярджаў, што дазволена выкарыстоўваць касцёльныя каштоўнасці і сакральныя аб’екты для дабрачынных мэтаў. Пра гэта нагадаў таксама папа Францішак, у пасланні, якое скіраваў з нагоды канферэнцыі», — дадаў кардынал.
Гаворачы пра ўнутранае ўбранне касцёлаў, кардынал Равазі зазначыў, што ў выпадку закрыцця святыні яно павінна быць перанесена ў іншы касцёл або захоўвацца ў музеі.
Іншы падыход датычыцца алтароў, якія нават пасля дэсакралізацыі касцёла не губляюць свайго прызначэння і асвячэння. Інструкцыя Кангрэгацыі па справах духавенства ад 2013 г. адносна змены выкарыстання святыняў пастанаўляе, што калі няма магчымасці перанесці алтар у іншы касцёл, ён павінен быць знішчаны, нагадаў старшыня Папскай рады па культуры.