10 ліпеня ў Ватыкане прадставілі праграму міжнароднай канферэнцыі, на якой абмяркуюць лёс зачыненых святыняў — праблему, якая асабліва востра стаіць у Заходняй Еўропе.
З гэтай мэтай Папская рада па культуры сумесна з італьянскай біскупскай канферэнцыяй і Папскім Грыгарыянскім універсітэтам арганізуе двухдзённую міжнародную канферэнцыю, удзельнікі якой збяруцца ў Рыме 29–30 лістапада, каб разгледзець феномен усё большай колькасці месцаў культу, якія больш не выкарыстоўваюцца.
З задачамі канферэнцыі пад назвай: «Бог тут больш не жыве? Праца з месцамі культу і комплекснае кіраванне спадчынай Касцёла» прэсу пазнаёмілі старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранко Равазі і новы прэфект Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы біскуп Нунцыё Галанціна.
Удзельнікі форуму засяродзяцца на пошуку рашэнняў сур’ёзнай і актуальнай, асабліва для Заходняй Еўропы, праблемы закрыцця касцёлаў і іх новага прызначэння.