28 чэрвеня ў ватыканскай базыліцы св. Пятра папа Францішак узначаліў Звычайны публічны кансісторый, падчас якога Калегія кардыналаў папоўнілася чатырнаццаццю новымі членамі.
Звяртаючыся да прысутных, Святы Айцец падкрэсліў, што самай вялікай узнагародай і годнасцю, якую можна атрымаць, з’яўляецца магчымасць служыць Езусу Хрысту ў бедных і пакутуючых. Толькі так, паводле яго словаў, служэнне пастыраў набывае евангельскі водар.
У гаміліі Папа засяродзіўся на Евангеллі паводле св. Марка (гл. Мк 10, 32–45):
«Евангеліст не баіцца адкрыць пэўныя таямніцы сэрцаў вучняў: шуканне першых месцаў, рэўнасць, зайздрасць, інтрыгі, кампрамісы і дамоўленасці; логіку, якая не толькі спусташае і псуе адносіны паміж імі, але таксама закрывае іх і скіроўвае ў бок непатрэбных і бессэнсоўных спрэчак.
Ведаючы пра ўсё гэта, Езус кажа сваім вучням: „Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою“. Такім чынам Пан імкнецца змяніць кірунак позіркаў і сэрцаў сваіх вучняў, не дазваляючы, каб бясплодныя і эгаістычныя спрэчкі мелі месца ва ўлонні хрысціянскай супольнасці», — сказаў Пантыфік.
«Якая карысць, калі мы здабудзем увесь свет, але сапсуемся ў душы? Якая карысць, калі мы здабудзем увесь свет, але ўсе будзем жыць у задушлівых інтрыгах, якія робяць чэрствымі і бясплоднымі сэрца і місію?» — задаў рытарычныя пытанні Святы Айцец.
Паводле яго словаў, Езус заклікае сваіх вучняў, каб яны не дазволілі логіцы гэтага свету зняволіць сябе і адвесці позірк ад таго, што насамрэч важнае. Пан жадае абараніць хрысціянскую супольнасць ад самалюбавання, каб яе члены скіравалі свой позірк, рэсурсы, чаканні і сэрцы на тое, што сапраўды вартае: на місію, падкрэсліў ён.
На думку Папы, Езус вучыць нас, што навяртанне, перамена сэрца і рэформа Касцёла не з’яўляюцца самамэтай, але заўсёды павінны разглядацца ў місійным ключы; што трэба перастаць глядзець і клапаціцца пра ўласныя інтарэсы, але адстойваць інтарэсы Нябеснага Айца.
«Калі мы забываемся пра місію, калі губляем з вачэй канкрэтнае аблічча братоў, нашае жыццё закрываецца ў пошуку ўласнай выгады і ўласнай бяспекі. І так пачынаюць узрастаць крыўда, смутак, незадаволенасць. Паступова становіцца менш месца для іншых людзей, для касцёльнай супольнасці, для бедных, для таго, каб слухаць голас Пана. Так губляецца радасць і сэрца становіцца чэрствым», — адзначыў папа Францішак.
Ён звярнуў увагу таксама на тое, што Хрыстус заклікае вучняў быць слугамі для іншых людзей. Такім чынам Езус нагадвае, што ўлада ў Касцёле ўзрастае дзякуючы здольнасці бараніць годнасць іншага, намашчаць іншага, лячыць яго раны і яго надзею, якая вельмі часта паранена.
«Адзіная пераканаўчая ўлада — гэта тая, якая нараджаецца са схілення да ног іншых, каб служыць Езусу», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.
«Гэта самая вялікая ўзнагарода, якую мы можам атрымаць, самая вялікая годнасць, якая нам можа быць дадзена: служыць Хрысту ў верным народзе Божым, у галодным, у тым, пра каго забыліся, у вязні, у хворым, у нарказалежным, у пакінутым, у канкрэтных асобах з іх гісторыямі і надзеямі, чаканнямі і расчараваннямі, пакутамі і ранамі. Толькі так улада пастыра будзе мець водар Евангелля і не будзе як „медзь звонкая або гулкія цымбалы“», — падкрэсліў Папа.
«Ніхто з вас не павінен лічыць сябе „вышэйшым“ за іншага. Ніхто з вас не павінен глядзець на іншых зверху ўніз. Мы можам так глядзець на чалавека, толькі калі дапамагаем яму падняцца», — дадаў ён.
Напрыканцы гаміліі папа Францішак зачытаў новым кардыналам урывак з духоўнага запавету св. Яна ХХІІІ, у якім гэты Папа дзякаваў Богу за жыццё ў беднасці, а таксама за тое, што захаваў яго ад пошуку пасадаў, грошай, прыхільнасці як для сябе, так і для сваіх сваякоў і сяброў.
Падчас кансісторыя кардынальскую годнасць атрымалі арцыбіскуп Луіс Рафаэль Сако, Патрыярх Вавілонскі халдэйскага абраду, арцыбіскуп Луіс Франсіско Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, арцыбіскуп Анджэло Дэ Данаціс, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, арцыбіскуп Анджэло Бэчу, субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыяту і спецыяльны дэлегат пры Суверэнным Вайсковым Мальтыйскім Ордэне, арцыбіскуп Конрад Краеўскі, Апостальскі элемазінарый, арцыбіскуп Джозэф Кутц, пастыр дыяцэзіі Карачы ў Пакістане, біскуп Антоніу Аўгусту Душ-Сантуш Марту, пастыр дыяцэзіі Лэйрыя-Фаціма ў Партугаліі, арцыбіскуп Пэдро Барэта, пастыр дыяцэзіі Гуанкаё ў Перу, арцыбіскуп Дэзірэ Цараазана, пастыр дыяцэзіі Туамасіна на Мадагаскары; арцыбіскуп Джузэпэ Петрокі, пастыр дыяцэзіі Аквіла ў Італіі, арцыбіскуп Томас Аквін Манё Маэда, пастыр дыяцэзіі Осака ў Японіі.
Акрамя таго, у склад Калегіі кардыналаў увайшлі яшчэ адзін арцыбіскуп, адзін біскуп і адзін законнік, якія былі адзначаныя за адданае служэнне Касцёлу. Гэта арцыбіскуп на пенсіі мексіканскай дыяцэзіі Халапа Сэрхіо Абэса Рывера, балівійскі біскуп Тарыбіё Порка Цікона, тэрытарыяльны прэлат Кора-Кора на пенсіі, а таксама іспанскі законнік Аквіліно Бокас Мэрына з кангрэгацыі кларэтынаў. Гэтыя трое маюць больш за 80 гадоў і не ўвойдуць у лік кардыналаў-электараў, якія выбіраюць Папу на канклаве.
Пасля заканчэння кансісторыя папа Францішак разам з новымі кардыналамі наведалі папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI у кляштары Mater Ecclesiæ, дзе разам памаліліся ў капліцы і атрымалі ад яго благаслаўленне.