У нядзелю Спаслання Духа Святога 20 мая папа Францішак назваў імёны 14 новых кардыналаў. Святы Айцец абвясціў іх пасля малітвы «Уладарка неба», якую ён правёў з акна Апостальскага палаца для сабраных на плошчы Святога Пятра вернікаў.
«Я рады паведаміць, што 29 чэрвеня правяду кансісторый дзеля прызначэння чатырнаццаці новых кардыналаў. Іх паходжанне выражае паўсюднасць Касцёла, які не перастае абвяшчаць міласэрную любоў Бога ўсім людзям на зямлі.
Уключэнне новых кардыналаў у Рымскую дыяцэзію, акрамя таго, выражае непарыўную сувязь паміж Апостальскай Сталіцай і мясцовымі Касцёламі ва ўсім свеце», — сказаў Папа.
Кардынальскую годнасць атрымаюць арцыбіскуп Луіс Рафаэль Сако, Патрыярх Вавілонскі халдэйскага абраду, арцыбіскуп Луіс Франсіско Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, арцыбіскуп Анджэло Дэ Данаціс, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, арцыбіскуп Анджэло Бэчу, субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыяту і спецыяльны дэлегат пры Суверэнным Вайсковым Мальтыйскім Ордэне, арцыбіскуп Конрад Краеўскі, Апостальскі элемазінарый, арцыбіскуп Джозэф Кутц, пастыр дыяцэзіі Карачы ў Пакістане, біскуп Антоніу Аўгусту Душ-Сантуш Марту, пастыр дыяцэзіі Лэйрыя-Фаціма ў Партугаліі, арцыбіскуп Пэдро Барэта, пастыр дыяцэзіі Гуанкаё ў Перу, арцыбіскуп Дэзірэ Цараазана, пастыр дыяцэзіі Туамасіна на Мадагаскары; арцыбіскуп Джузэпэ Петрокі, пастыр дыяцэзіі Аквіла ў Італіі, арцыбіскуп Томас Аквін Манё Маэда, пастыр дыяцэзіі Осака ў Японіі.
Акрамя таго, у склад Калегіі кардыналаў увойдуць яшчэ адзін арцыбіскуп, адзін біскуп і адзін законнік, якія былі адзначаныя за адданае служэнне Касцёлу. Гэта арцыбіскуп на пенсіі мексіканскай дыяцэзіі Халапа Сэрхіо Абэса Рывера, балівійскі біскуп Тарыбіё Порка Цікона, тэрытарыяльны прэлат Кора-Кора на пенсіі, а таксама іспанскі законнік Аквіліно Бокас Мэрына з кангрэгацыі кларэтынаў. Гэтыя трое маюць больш за 80 гадоў і не ўвойдуць у лік кардыналаў-электараў, якія выбіраюць Папу на канклаве.
«Памолімся за новых кардыналаў, каб, пацвярджаючы сваю адданасць Хрысту, міласэрнаму Найвышэйшаму Святару, і вернікам, яны дапамагалі мне ў служэнні Біскупа Рыма для дабра ўсяго вернага Божага народа», — заклікаў Святы Айцец.