Пошук

30.04.2018 13:15   Паводле: Сэрджо Чэнтафанці / Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
© REUTERS

28 красавіка ўначы адышоў у вечнасць Алфі Эванс — маленькі пацыент брытанскага шпіталя, чый драматычны лёс усхваляваў людзей ва ўсім свеце, паставіўшы няпростыя пытанні, адказы на якія можна шукаць толькі ў Бога — адзінага Валадара жыцця і смерці.

«Я глыбока ўзрушаны смерцю маленькага Алфі. Сёння я асаблівым чынам малюся за ягоных бацькоў, калі Бог Айцец прымае яго ў свае пяшчотныя абдымкі», — напісаў папа Францішак у сваім твітары.

Святы Айцец не застаўся ў баку ад той няпростай сітуацыі, якая склалася вакол Алфі. Ён сустрэўся з ягоным татам Томасам, а таксама ў трох сваіх твітах і двух зваротах заклікаў да малітвы і да таго, каб зрабіць усё магчымае і немагчымае для ўратавання жыцця малога, які пакутаваў ад невядомай дагэтуль нейра-дэгенератыўнай хваробы, што не дазволіла яму дажыць да двухгадовага ўзросту менш за два тыдні.

Бацькі намагаліся перавезці дзіця ў Італію, але чым маглі б дапамагчы ў гэтым выпадку медыкі з італьянскага шпіталя? Навуковы кіраўнік шпіталя Дзіцяткі Езуса ў Рыме Бруно Даллапікала дае ясны адказ: «Мы не можам зрабіць цуду або вылечыць хваробу, якая так хутка развіваецца (бо гэта папросту немагчыма), але са свайго боку мы маглі б забяспечыць усё, што толькі неабходна для штучнай вентыляцыі лёгкіх, жыўлення, гідратацыі і магчымай тэрапеўтычнай падтрымкі, каб засцерагчы ад болю: усё тое, што патрэбна ў падобных сітуацыях.

Гэты выпадак нельга адназначна лічыць празмернымі тэрапеўтычнымі намаганнямі: гэта проста падтрымка пацыента да натуральнага завяршэння яго жыццёвага шляху».

Дырэктар шпіталя Дзіцяткі Езуса Марыэла Энок кажа на гэтую тэму: «Я асабіста ўпэўнена ў тым, што каталіцкая ахова здароўя, якая гэтым займаецца, павінна насамрэч зноў адкрыць здольнасць аказваць падтрымку такім людзям у вельмі цяжкіх сітуацыях. Мы не можам рабіць толькі тое, што робяць усе іншыя, але павінны рабіць тое, што лічым правільным».

Старшыня асацыяцыі «Навука і жыццё» Альберто Гамбіна кажа, што ва ўсёй гэтай сітуацыі выявіўся «недахоп чалавечнасці».

«Незалежна ад тэхнічных магчымасцяў клінікі, у такіх сітуацыях абавязкова трэба знаходзіць рашэнне з улікам жадання бацькоў як мага даўжэй працягнуць жыццё іх дзіцяці і адчуваннем цярпення, болю, якія цяжка ацаніць у дзіцяці, асабліва калі яму ўсяго некалькі месяцаў. Маючы гэта на ўвазе, сапраўды варта, каб суддзі зрабілі крок назад і праявілі больш чалавечнасці. <…> Трэба паклапаціцца пра тое, каб юрыдычныя прадпісанні не пераважалі над чалавечымі адносінамі, а ў гэтым выпадку таксама пра ўзаемаразуменне, якое заўсёды павінна быць паміж медыкамі, пацыентам і яго сям’ёй», — лічыць Альберто Гамбіна.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.