Пошук

26.04.2018 13:34   Паводле: Серджо Чэнтафанці – Vatican News / Фота: AFP or licensors / ANSA / CNA / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Неабыякавыя людзі ва ўсім свеце сочаць за лёсам маленькага Алфі Эванса — пацыента англійскага шпіталя, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай з-за бессардэчнасці медыкаў і суддзяў, якія не дазваляюць рабіць захады для яго ўратавання.

Вялікая кампанія, разгорнутая ў абарону маленькага Алфі, на жаль, ніякім чынам не паўплывала на тых, ад каго залежыць яго жыццё. Увечары 25 красавіка брытанскі апеляцыйны суд адхіліў чарговую просьбу бацькоў перавезці дзіця ў Італію.

Хлопчык, які пакутуе ад невядомай дагэтуль нейра-дэгенератыўнай хваробы і якому 9 мая можа споўніцца 2 гады, познім вечарам у панядзелак быў адключаны ад сістэмы штучнай вентыляцыі лёгкіх, аднак, насуперак найгоршым чаканням, пачаў дыхаць самастойна.

Паколькі дзіця не памерла, персанал шпіталя Алдэр Хэй у англійскім Ліверпулі быў вымушаны працягваць яго гідратацыю.

Праз 36 гадзін медыкі прынялі рашэнне аднавіць жыўленне. Як паведаміў тата малога Томас Эванс, «Алфі супраціўляецца, як можа. Ён змагаецца і па-ранейшаму не пакутуе, не мае затрымкі дыхання і не падае прыкметаў таго, што адчувае боль. Цяпер ён паказвае, што дактары і суддзі памыляліся.

Было сказана, што ён не пратрымаецца і пяці хвілін, але вось ужо 36 гадзін ён пераконвае ў адваротным. Пакуль ён не здаецца, мы таксама не адступім».

Цяпер Алфі атрымлівае паветра з дапамогай кіслароднай маскі, дапушчанай англійскай нацыянальнай сістэмай аховы здароўя. Гэтая прылада ў прыватным парадку была дадзена бацькам іншымі медыкамі, паколькі супрацоўнікі шпіталя Алдэр Хэй не жадаюць яе даваць. У ліверпульскім шпіталі маюць намер яе зняць, паколькі гэта не іх сродак дапамогі, але пры гэтым не збіраюцца яе замяніць сваёй.

«Алфі адчувае сябе нармальна. Учора яму нашмат палепшала, але сёння крыху пагоршала. Але неабходна прыняць пад увагу, што ён аслабнуў, паколькі некалькі гадзін не атрымліваў жыўлення», — паведаміў кс. Габрыэле Бруска, італьянскі святар, які ў гэтыя дні быў з сям’ёй хворага дзіцяці і аказваў ёй падтрымку.

«Калі яго адключылі ад апарата, практычна Алфі павінен быў памерці. Паводле прынятых у англійскай сістэме правілаў, на гэта было адведзена 6 гадзін. Але ён не памёр.

Таму яму былі вымушаны зноў вярнуць жыўленне і гідратацыю. Цяпер з Алфі ўсё добра, але ён аслаблы, бо не прывык дыхаць самастойна, паколькі не адзін месяц быў падключаны да апарата штучнай вентыляцыі. Ён па-новаму вучыцца дыхаць. Бацькі раз-пораз прасілі мяне, каб я ўсклаў руку на галоўку дзіцяці і памаліўся за яго.

Як толькі я трапіў у рэанімацыйнае аддзяленне, куды могуць заходзіць толькі нешматлікія асобы, я за некалькі дзён бачыў там 10–15 палісменаў на калідоры і нават у маленькім адсеку, дзе знаходзіцца яго пакой. Тут шмат плюшавых цацак, крыжыкаў і ружанцаў. Раней была таксама канапа, якую цяпер прыбралі, і сёння ўначы тата Томас быў вымушаны спаць проста на падлозе», — распавёў святар.

25 красавіка ў другой палове дня зноў распачаліся слуханні ў апеляцыйным судзе, а ўвечары стала вядома пра вердыкт суддзяў, якія не задаволілі хадайніцтва бацькоў Алфі, якія аспрэчвалі забарону перавезці яго ў Італію, абгрунтоўваючы сваю просьбу правам на свабоду перамяшчэння, гарантаваную Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека. Ім маглі б дазволіць забраць малога дадому, але не дазволілі вывезці яго за мяжу.

Адвакат сям’і Эвансаў прасіў суддзяў перагледзець свой вердыкт у сувязі з апошнімі падзеямі, а менавіта з тым фактам, што Алфі выжыў, нягледзячы на адключэнне ад апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх, а таксама з улікам атрымання ім грамадзянства Італіі.

Суддзя ж запярэчыў, што для яго, маўляў, «адзіным вырашальным фактарам з’яўляюцца інтэарэсы Алфі», і дадаў, што правы ўсіх іншых асобаў, у тым ліку і бацькоў, маюць другаснае значэнне. Аднак прадстаўнік англійскай Феміды чамусьці не патлумачыў, чаму гэта раптам дзяржава прыўлашчвае сабе права вырашаць, у чым заключаюцца «інтарэсы» іншага чалавека, нават насуперак жаданню бацькоў, якія жадаюць проста дапамагаць свайму дзіцятку, пакуль яно жыве.

Бацькі атрымалі шырокую міжнародную падтрымку ад людзей, якія не разумеюць прычын такой жорсткай непрыхільнасці англійскіх суддзяў у той час, калі шпіталь Дзіцяткі Езуса ў Рыме гатовы аплаціць усе выдаткі, звязаныя з пераводам сюды хворага хлопчыка, якому італьянская дзяржава неадкладна надала італьянскае грамадзянства. Падчас працэсу адвакат Эвансаў усклікнуў:

«Не дайце Алфі памерці ад голаду! У якую краіну мы ператвараемся?!»

Між тым у сацыяльных сетках, у прыватнасці на старонцы ліверпульскага шпіталя ў фэйсбуку, не перастаюць з’яўляцца шматлікія посты з сур’ёзнымі абвінавачваннямі ў адрас медыкаў і суддзяў: многія называюць бесчалавечным тое, што яны, палічыўшы стан Алфі «вегетатыўным», з халоднаю крывёю вынеслі яму смяротны прысуд, мяркуючы, што робяць яму гэтым «вялікую ласку».

У апошні час маленькі пацыент брытанскага шпіталя стаў увасабленнем культуры адкідання, якую з такою моцаю выкрывае папа Францішак: немаўлятка, якое не мае голасу, стала голасам мільёнаў нявінных, пазбаўленых голасу.

Папа некалькі разоў звяртаўся ў абарону Алфі Эванса, просячы зрабіць усё магчымае і немагчымае для таго, каб даставіць яго ў Рым, дзе лекары гатовыя да апошняга змагацца за яго жыццё. Святы Айцец зрабіў гэта ў двух сваіх твітах, апошні з якіх з’явіўся 23 красавіка, у прамове пасля малітвы «Уладарка неба» 15 красавіка, падчас агульнай аўдыенцыі 25 красавіка. За тыдзень да гэтага ён асабіста сустрэўся з бацькам хворага дзіцяці, чыё жыццё некаторыя лічаць бессэнсоўным. Разам з тым гэты маленькі чалавечак узрушыў сэрцы тысяч людзей ва ўсім свеце і сваім прыкладам перадаў кожнаму з нас штосьці вельмі важнае, што датычыцца сутнасці жыцця.

Папа Францішак сустракаецца з бацькам Алфі Томасам Эвансам © Vatican Media

У сувязі з гэтым узгадваюцца словы папы Францішка, сказаныя ім падчас святой Імшы каля касцёла св. Піо з П’етрэльчыны ў Сан-Джаванні-Ратонда 17 сакавіка:

«У хворым знаходзіцца Езус, і поўны любові клопат тых, хто схіляецца над ранамі бліжняга — гэта шлях, які вядзе насустрач Езусу. Той, хто клапоціцца пра маленькіх, становіцца на бок Бога і перамагае культуру адкідання, якая, наадварот, аддае перавагу магутным і лічыць бескарыснымі бедных.

Той, хто аддае перавагу маленькім, абвяшчае прароцтва жыцця насуперак прарокам смерці ўсіх часоў, таксама і сённяшніх, якія адкідаюць людзей, адкідаюць дзяцей, пажылых людзей, бо яны не патрэбныя.

У дзяцінстве ў школе нас вучылі гісторыі спартанцаў. Мяне заўсёды абурала тое, што настаўніца распавядала, як, калі нараджаўся хлопчык або дзяўчынка з недахопамі, яго неслі на вяршыню гары і кідалі ўніз, каб гэтых малых больш не было. І мы, дзеці, казалі: „Якая жорсткасць!“ Браты і сёстры, мы робім тое самае, але з яшчэ большай жорсткасцю, з большымі ведамі. Тое, што не прыносіць карысці, што не дае прыбытку, трэба адкінуць. Гэта — культура адкідання; сёння маленькіх не жадаюць прыняць. Таму Езус застаўся ў баку».

Абноўлена 26.04.2018 14:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа