Папа Францішак адправіў тэлеграму на імя Карла III, у якой запэўніў у сваёй малітве за памерлую каралеву Лізавету II. Святы Айцец таксама моліцца за паспяховае служэнне новага караля, паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Глыбока засмучаны весткай аб смерці Яе Вялікасці Каралевы Лізаветы II, выказваю шчырыя спачуванні Вашай Вялікасці, членам Каралеўскай сям’і, народу Аб’яднанага Каралеўства і Брытанскай Садружнасці.
Ахвотна далучаюся да ўсіх тых, хто аплаквае яе страту, молячыся аб вечным супакоі памерлай Каралевы і аддаючы даніну павагі яе нястомнаму жыццю ў служэнні Народу і Аб’яднанаму Каралеўству, яе прыкладу адданасці абавязкам, непахіснаму сведчанню веры ў Езуса Хрыста і моцнай надзеі на Яго абяцанні», — напісаў Папа.
«Аддаючы высакародную душу Лізаветы II міласэрнай дабрыні Нябеснага Айца», Пантыфік запэўніў Карла ІІІ у сваіх малітвах за яго, просячы Усемагутнага Бога падтрымаць новага караля «сваёй нязменнай ласкай».
«Для Вас і ўсіх, хто шануе памяць Вашай памерлай маці, выпрошваю багатае Божае благаслаўленне як задатак суцяшэння і сілы ў Пану», — такімі словамі завяршаецца папская тэлеграма.