Пошук

10.08.2021 11:06   Паводле: Беларуская грэка-каталіцкая газета «Царква» / Фота: Аляксандра Белавокая

8 жніўня Апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі Клаўдыё Гуджэроцці, які раней прадстаўляў Святы Пасад у Беларусі, наведаў беларускую грэка-каталіцкую царкву ў Лондане, дзе ўзяў удзел у святкаванні 95-х угодкаў з дня нараджэння айца Аляксандра Надсана.

Як нагадвае Беларуская грэка-каталіцкая газета «Царква», айцец Аляксандр Надсан (1926–2015) быў выдатным святаром і грамадска-культурным дзеячам беларускай пасляваеннай эміграцыі ў Вялікабрытаніі, перакладчыкам літургічных тэкстаў Царквы візантыйскай традыцыі на беларускую мову, скарыназнаўцам, даследчыкам гісторыі кніжнай культуры і царкоўнай гісторыі.

З нагоды 95-годдзя з дня яго нараджэння Боскую Літургію ў лонданскай царкве святога Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў беларускага народа ўзначальваў Уладыка Кенэт Навакіўскі, біскуп украінскай грэка-каталіцкай епархіі Святой Сям’і ў Вялікабрытаніі.

Гамілію прамовіў прадстаўнік Папы Францішка ў Вялікабрытаніі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Разважаючы аб прыпавесці пра даўжніка, які сам не прабачае свайму сабрату (Мц 18, 23–35), Апостальскі нунцый адзначыў, што Евангелле заклікае нас да міласэрнасці.

«Што значыць міласэрнасьць у Беларусі сёння? — Я не магу сказаць: я не ведаю, — прызнаўся Апостальскі нунцый. — Міласэрнасць і любоў — гэта самыя асноўныя словы, калі мы хочам будаваць новую цывілізацыю».

На развітанне нунцый Гуджэроцці перадаў благаслаўленне ад імя Папы Францішка сем’ям усіх прысутных на святкаваньні і пажадаў, каб беларуская моладзь змагла вярнуцца на Бацькаўшчыну, каб адбудоўваць краіну.

Пасля Літургіі з дакладам перад прысутнымі на набажэнстве выступіла даследчыца гісторыі беларускай дыяспары ў свеце Наталля Гардзіенка.

8 жніўня таксама і ў іншых беларускіх грэка-каталіцкіх парафіях і супольнасцях у малітве ўзгадалі мітрафорнага протаіерэя Аляксандра Надсана і ягонае адданае служэнне для дабра Царквы і беларускага народа.

У Віцебску Боскую Літургію ў храме парафіі Уваскрасення Хрыстовага служыў Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек у саслужэнні кліра віцебскіх парафій.

 
Абноўлена 10.08.2021 12:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа